руда

У Глускім раёне знайшлі сведчанні старажытнай металургіі

Кавалак жалезнай пароды, які звязаны са старажытнай металургіяй, знайшлі жыхары вёскі Рудня Глускага раёна.

Узаранне агарода ў вёсцы абярнулася цікавай знаходкай – кавалак пароды трапіўся мясцовым жыхарам Аляксандру і Уладзіміру.

Пры гэтым сама назва вёскі падказвае, што падобныя знаходкі тут не павінны асабліва здзіўляць. Руднямі калісьці называлі месцы, дзе здабывалі і перапрацоўвалі жалезную руду. У наваколлі ракі Пціч, сярод балот і нізін, у далёкім мінулым можна было здабываць балотную руду. З яе атрымлівалі жалеза ў спецыяльных печах – домніцах.

Тэхналогіі таго часу былі далёкія ад сучасных. Частка жалеза заставалася ў шлаку, таму пасля выплаўкі ў зямлі маглі захоўвацца цяжкія камякі з рэшткамі металу. Менавіта нешта падобнае, як мяркуюць мужчыны, яны і знайшлі на сваім агародзе.

«У тым месцы, дзе мы выкапалі гэты кавалак, і зямля нават рудая, бы іржавая. Такія кавалкі знаходзяць і тут, і за канаваю», – расказвае Уладзімір. Паводле яго, старажытным майстрам удавалася перапрацаваць толькі частку здабытай руды. Таму рэшткі вытворчасці маглі заставацца непасрэдна каля месцаў выплаўкі.

Знойдзены прадмет можа быць металургічным шлакам або фрагментам крыцы, гэта значыць порыстай масы жалеза з прымесямі, якую атрымлівалі ў старажытных печах. Што гэта насамрэч, без спецыяльнага даследавання сцвярджаць рана, але адзін з такіх кавалкаў Аляксандр і Уладзімір перадалі ў Глускі краязнаўчы музей.

Фотаздымак: magilev.by

← Усе навіны Магілёва