У канцы верасня мужчына займаўся падводным паляваннем на Бярэзіне каля аграгарадка Краснае Асіповіцкага раёна і ўбачыў у вадзе цела. Апазнаць загінулага не змаглі: цела доўга прабыло ў рацэ, дакументаў пры ім не было.
Следчыя выказалі здагадку, што гэта 45-гадовы жыхар Бабруйска, які знік у снежні 2025 года. Тады ён з прыяцелем прыехаў у Асіповіцкі раён да брата, увечары пасля выпіўкі пайшоў на раку рыбачыць і не вярнуўся. Раніцай знайшлі толькі яго лодку са снасцямі, якую прыбіла да берага.
Пацвердзіць асобу дапамог той самы брат. Эксперты-біёлагі ўпраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Магілёўскай вобласці параўналі яго ўзоры з матэрыялам загінулага і знайшлі супадзенні па Y-храмасоме – сваяцтва па мужчынскай лініі пацвердзілася, паведамілі ў камітэце.
Прыкмет гвалтоўнай смерці судовыя медыкі не выявілі. Праверку па факце гібелі праводзіў Асіповіцкі раённы аддзел Следчага камітэта.
Пошукі ў снежні нічога не далі. Рыбака знайшлі выпадкова, праз дзевяць з лішнім месяцаў.
