Знешнегандлёвы абарот Крычаўскага раёна за студзень-жнівень 2026 года перавысіў восем мільёнаў долараў, станоўчае сальда – 3,5 мільёна.
Лічбы на пасяджэнні райвыканкама назваў намеснік старшыні Сяргей Палуйчык, а раённая газета прывяла і спіс з дзевяці краін-пакупнікоў: Азербайджан, Арменія, Казахстан, Кыргызстан, Расія, Узбекістан, Іран, Грузія і Польшча.
Галоўным экспарцёрам раёна Палуйчык назваў СТАА «ЦСП БЗС» – адзіны ў Беларусі завод цэментна-стружкавых пліт. Яго пабудавалі ў 2015 годзе ЗАТ «Белзарубежстрой» і аўстрыйская кампанія VST Building Technologies, тэхналагічную лінію паставіла нямецкая Binos.
Сыравіна мясцовая: драўніна суседніх лясгасаў і цэмент ААТ «Крычаўцэментнашыфер».
За мяжу ідзе 80 працэнтаў прадукцыі, але…
Пліта пад маркай BZSPlus – гэта драўняная стружка, спрасаваная з цэментам, і абодва яе складнікі трапілі пад еўрапейскія санкцыі.
У сакавіку 2022 года Еўрасаюз забараніў увоз з Беларусі драўніны і вырабаў з яе, а таксама цэменту і цэментных вырабаў. Улетку 2024 года да забарон дадаўся спіс тавараў, якія прыносяць Беларусі даход, складзены паводле ўзору расійскага.
У расійскім пераліку пліты з драўнянай стружкі на цэменце названыя наўпрост.
Да санкцый крычаўскія пліты на польскім рынку былі: BZSPlus прадавалі польскія дыстрыб’ютары, а экалагічную дэкларацыю для еўрапейскіх пакупнікоў заводу ў 2021 годзе выдала чэшскае дзяржаўнае агенцтва CENIA.
Тэрмін дзеяння дэкларацыі скончыўся ў сакавіку 2026 года.
З дзевяці краін крычаўскай справаздачы ў Еўрасаюз уваходзіць толькі Польшча. І гэта адзіная краіна ў спісе, куды галоўны тавар Крычаўскага раёна ўвозіць нельга.
Фота: KrichevLIVE.
