Каля ўвахода ў Тэатральны сквер у Магілёве з’явілася тэлефонная будка – чырвоная, са шклянымі панэлямі і рэтраапаратам унутры. Патэлефанаваць з яе можна, але толькі таму, у каго ў кішэні смартфон.
Тэлефон трэба падключыць да будкі праз Bluetooth, увесці пароль з інструкцыі, зняць слухаўку і набраць нумар у міжгароднім фармаце.
Пасля размовы слухаўку вяртаюць на рычаг, і праз тры секунды злучэнне разрываецца.
Па сутнасці, будка працуе як гарнітура: званок ідзе з мабільнага тэлефона, а старая слухаўка замяняе навушнік. Аб’ект пакуль у тэставым рэжыме, куратары праекта абяцаюць, што неўзабаве таксафон запрацуе «па прамым прызначэнні».
А пакуль гараджане выкарыстоўваюць будку як фон для фотаздымкаў – і для гэтага смартфон таксама патрэбны.
Фота: npr.by.
