У Шклове спецыяліст па прадажах атрымала два гады калоніі за крадзеж смартфонаў Apple, якія “прадавала” ў растэрміноўку нічога не ведаючым аб гэтым людзям.
Працуючы ў прадпрыемстве электрасувязі, жанчына магла карыстацца базай даных кліентаў. Знаходзячы там пашпартныя звесткі грамадзян, яна без іх ведама афармляла дамовы на набыццё смартфонаў у растэрміноўку. Пацвярджала гэтыя аперацыі з дапамогай SMS-кодаў, якія прыходзілі на яе ўласны нумар тэлефона. Атрыманыя смартфоны забірала сабе, а затым прадавала. Аформленыя на чужыя імёны дамовы пазней анулявалі.
Першы такі выпадак адбыўся ў кастрычніку 2025 года. Тады жанчына аформіла дамову на суму больш за 5,6 тыс. рублёў. Пазней, захапіўшыся анлайн-латарэямі і сутыкнуўшыся з фінансавымі цяжкасцямі, прадаўшчыца вярнулася да ўжо выпрабаванай схемы.
З лютага па красавік 2026 года яна аформіла яшчэ чатыры дамовы на смартфоны Apple коштам ад 2352 да 6480 рублёў кожны. Агульная сума гэтых чатырох аперацый склала 19,2 тыс. рублёў.
У судзе Шклоўскага раёна жанчына цалкам прызнала віну, раскаялася і часткова кампенсавала нанесеную прадпрыемству шкоду. За крадзяжы шляхам мадыфікацыі камп’ютарнай інфармацыі суд першапачаткова прызначыў ёй два з паловай гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу.
Паколькі ў жанчыны ўжо было пакаранне, вынесенае ў ліпені 2026 года за аналагічныя злачынствы, то з улікам папярэдняга прысуду, суд прыйшоў да мэтазгоднасці адправіць яе на два гады ў калонію агульнага рэжыму. Акрамя таго, з асуджанай пастанавілі спагнаць на карысць прадпрыемства больш за 14 тыс. рублёў яшчэ не кампенсаванай шкоды.
Фотаздымак з адкрытых крыніц
