Кулічкоў Аляксандр

Ад Буйніцкага поля да пошты ў Янаўцы: як на Магілёўшчыне клапоцяцца пра сацыяльную адказнасць

У Музеі Славы Магілёўшчыны адзначылі трыццаць гадоў Нацыянальнага сходу. Перад Наталляй Качанавай і ўсёй абласной вертыкаллю выступіў Аляксандр Кулічкоў (на фота) – былы старшыня Магілёўскага аблвыканкама і член «савета» рэспублікі. Ён заклікаў цяперашніх «парламентарыяў» сачыць за тым, як законы працуюць на практыцы, і асобна загаварыў пра сацыяльную адказнасць гандлю за абслугоўванне сельскага насельніцтва.

Успамінаючы першыя гады двухпалатнага «парламента», Кулічкоў сказаў, што нестандартных рашэнняў тады было вельмі шмат. Адно з іх датычылася яго самога. У сакавіку 1999 года Лукашэнка ў прамым эфіры нарады з вертыкаллю абвінаваціў старшыню Магілёўскага аблвыканкама ў эканамічных парушэннях, слова для апраўдання не даў і паказаў на дзверы. Ахоўнік вывеў Кулічкова з залы, а ўказ аб адстаўцы выйшаў з фармулёўкай «па ўласным жаданні». Праз год апальны чыноўнік стаў памочнікам Лукашэнкі, а ў маі 2002 года ўзначаліў толькі што створанае Міністэрства гандлю.

А ў Краснапольскім раёне сельскім гандлем заняліся на практыцы. Пастаянная камісія краснапольскіх «дэпутатаў» па пытаннях эканомікі, бюджэту, фінансаў і падаткаабкладання правяла выязное пасяджэнне ў аграгарадку Янаўка. Ні бюджэту, ні падаткаў у парадку дня не аказалася. Выконваючая абавязкі галоўнага ўрача раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі расказала пра праверкі гандлёвых кропак раёна: ці хапае тавараў на паліцах і ці выконваюць прадаўцы санітарныя патрабаванні. Старшыня Янаўскага сельскага «савета дэпутатаў» падзялілася досведам узмацнення ролі мясцовага самакіравання.

Пасля дакладаў «дэпутаты» адправіліся паглядзець на гандаль на ўласныя вочы і пабывалі ў краме і на пошце.

Так выглядае сацыяльная адказнасць гандлю на Магілёўшчыне: на Буйніцкім полі пра яе гаворыць былы міністр гандлю, а ў Янаўцы яе шукае камісія па бюджэце і падатках. Чамусьці на пошце.

Фота: «Магілёўскія ведамасці».

← Усе навіны Магілёва