Храловіч Аляксей

Суд у Магілёве дадаў год турмы палітзняволенаму экс-падпалкоўніку КДБ

Палітзняволены экс-падпалкоўнік КДБ Аляксей Храловіч, які знаходзіцца ў магілёўскай турме №4, асуджаны дадаткова на яшчэ адзін год зняволення.

Аляксей Храловіч, які ўжо больш за пяць з паловай гадоў знаходзіцца за кратамі, атрымаў новы прысуд. Як паведамляюць праваабаронцы «Вясны», у Магілёве яго асудзілі паводле артыкула 411 Крымінальнага кодэкса за нібыта злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі папраўчай установы. Да раней прызначаных дзесяці гадоў пазбаўлення волі суд дадаў яшчэ адзін год.

Аляксея Храловіча затрымалі 15 сакавіка 2021 года. Праз год, 30 сакавіка 2022-га, Мінскі гарадскі суд прызнаў яго вінаватым у “здрадзе дзяржаве”. Былому супрацоўніку спецслужбы прызначылі дзесяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, штраф у 500 базавых велічынь і пазбавілі вайсковага звання падпалкоўніка.

Справа Храловіча была звязаная з перадачай у лістападзе 2020 года стваральніку тэлеграм-канала NEXTA Сцяпану Пуціле аўдыязапісаў размоў прэс-сакратаркі Лукашэнкі Наталлі Эйсмант з рознымі службовымі асобамі. На гэтых запісах, сярод іншага, абмяркоўваліся абставіны гібелі Рамана Бандарэнкі.

У кастрычніку 2023 года суд у Наваполацку разгледзеў пытанне аб змене Храловічу рэжыму ўтрымання. Суддзя Таццяна Хрыпач пастанавіла перавесці палітвязня з калоніі на больш строгі турэмны рэжым. Пасля гэтага Храловіч апынуўся ў магілёўскай турме №4. 

Фотаздымак: Правабарончы цэнтр “Вясна”

← Усе навіны Магілёва