Марусевіч Дзяніс

Палітвязень і чэмпіён бабруйскай калоніі просіць аб дапамозе ў Польшчы

Былы палітвязень калоніі №2 у Бабруйску, майстар спорту па каратэ Дзяніс Марусевіч распавёў пра свае заняткі спортам у зняволенні і праблемы ў эміграцыі.

Паводле спартсмена, нават у калоніі ён не кінуў спорт, у прыватнасці, удзельнічаў у турніры па боксе сярод зняволеных. Турнір, у якім Марусевіч стаў чэмпіёнам сярод вязняў, праходзіў у студзені 2022 года ў пяць этапаў. Дзяніс выйграваў на кожным. За перамогі яму дазвалялі відэазванкі родным. Перад фіналам у калідорах калоніі віселі постэры фіналістаў, а іншыя зняволеныя падбадзёрвалі яго. У фінале ён перамог.

Дзяніс Марусевіч з Брэста. Ён з дзяцінства займаўся спортам, выступаў за нацыянальную зборную Беларусі па каратэ, а ў 2019 годзе стаў чэмпіёнам СНД. Пасля падзей жніўня 2020 года ён выйшаў на пратэст у Брэсце. Праз месяц яго затрымалі і асудзілі на чатыры гады калоніі паводле справы аб «масавых беспарадках».

Увесну 2024 года Дзяніс выйшаў на волю і з’ехаў з Беларусі. Цяпер ён знаходзіцца ў Польшчы і чакае рашэння па заяве на міжнародную абарону. Пакуль дакументы не гатовыя, ён не можа афіцыйна працаваць.

Дзяніс працягвае займацца спортам, выступае за беларускі клуб «Волат» і рыхтуецца да новых турніраў. Але пакуль яму патрэбная падтрымка, каб пакрыць самыя неабходныя выдаткі – на жыллё і харчаванне.

Фотаздымак: bysol.org

← Усе навіны Магілёва