Артур Іткін

Расійскі найміт з Бабруйска ліквідаваны ва Украіне

Былы ўдзельнік пратэстаў 2020 года ў Бабруйску, стаўшы затым расійскім наймітам, Артур Іткін знайшоў сваю смерць на расійска-ўкраінскай вайне.

Ураджэнец Бабруйска Артур Іткін, які апошнія гады жыў і працаваў у Расіі, загінуў 12 кастрычніка 2026 года. Яму быў 41 год. Пра смерць мужчыны стала вядома з паведамлення ягонай жонкі ў адным з тэматычных інтэрнэт-чатаў.

Як высветлілі журналісты, бацька Артура Іткіна яшчэ за савецкім часам працаваў на шынным камбінаце. Сам Артур выправіўся на заробкі ў Расію не пазней за 2016 год. Працаваў на поўначы краіны, у тым ліку ў Надыме і Новым Урэнгоі, а пазней пасяліўся ў падмаскоўным Даўгапрудным.

Па прафесіі быў зваршчыкам і сантэхнікам. Працаваў у будаўнічай кампаніі, выконваў прыватныя замовы, займаўся рамонтам аўтамабіляў і захапляўся рыбалкай. Пры гэтым захоўваў беларускае грамадзянства і наведваў родны Бабруйск.

Цікава, што ў 2020 годзе Іткін удзельнічаў у паслявыбарчых пратэстах у Беларусі. Аднак пазней яго палітычныя сімпатыі, мяркуючы па паведамленнях у сацыяльных сетках, істотна змяніліся.

У аўтамабільных тэлеграм-чатах ён адкрыта падтрымліваў Расію, насміхаўся з беларусаў, якія з’ехалі з краіны і абражаў суразмоўцаў за крытыку расійскіх парадкаў. Вайну супраць Украіны называў прынятым у расійскай афіцыйнай прапагандзе скарачэннем «СВО». У першай палове 2026 года бабруйчанін, імаверна, паступіў на службу ў расійскае войска.

З ягонай перапіскі ў закрытым вайсковым чаце вынікае, што Іткін займаўся беспілотнікамі, у тым ліку FPV-дронамі на аптавалаконным кіраванні. У чэрвені ён цікавіўся праграмным забеспячэннем для іх і пытаннямі пераробкі боепрыпасаў. Прычым яшчэ ў жніўні мужчына прыязджаў у Падмаскоўе, дзе замаўляў дастаўку ежы. А праз два месяцы яго ўжо не было ў жывых.

Пахавалі Іткіна 4 лістапада. Паводле паведамлення яго жонкі Вольгі, труну з целам мужа даставілі самалётам. Акрамя жонкі, у ліквідаванага расійскага найміта было двое дзяцей – сын і дачка.

Цяпер удава спрабуе высветліць, як атрымаць прадугледжаныя расійскім заканадаўствам выплаты за смерць мужа. Паводле яе, з дакументаў у яе застаўся толькі ягоны вайсковы кантракт. Жанчына шукае юрыста і высвятляе, у якія ўстановы ў Расіі трэба звяртацца.

Фотаздымак: “Наша ніва”

← Усе навіны Магілёва