Сяргей Лісоўскі

На палітвязня шклоўскай калоніі Сяргея Лісоўскага ўзмацніўся ціск з боку адміністрацыі

Асуджанаму на 20 гадоў зняволення мінчуку Сяргею Лісоўскаму пагражае вяртанне ў гродзенскую турму №1 са шклоўскай калоніі №17.

Сяргей быў адным з 18 абвінавачаных у так званай «справе Гайдукевіча». 21 чэрвеня 2023 года яго асудзілі на 20 гадоў пазбаўлення волі, прычым першыя пяць гадоў ён мусіў адбываць у турме. Таксама мужчыну пазбавілі воінскага звання. Яму інкрымінавалі шэсць крымінальных артыкулаў, сярод якіх былі акт тэрарызму і замах на змову з мэтай захопу ўлады.

Пасля прысуду Лісоўскага накіравалі ў гродзенскую турму №1. Паводле яго блізкіх, умовы там былі цяжкімі: халодныя камеры, дрэннае харчаванне, істотныя абмежаванні перадач і амаль поўная адсутнасць спатканняў.

У сярэдзіне жніўня 2026 года палітвязня перавялі ў шклоўскую калонію №17. Змена абстаноўкі спачатку прынесла палёгку. Мужчына атрымаў магчымасць працаваць, часцей бываць на свежым паветры і спадзяваўся на тэлефанаванні ды сустрэчы з роднымі.

Аднак працягвалася гэта нядоўга. Ужо ў верасні Лісоўскага адправілі ў штрафны ізалятар, а затым на тры месяцы змясцілі ў памяшканне камернага тыпу. Паводле звестак на 11 лістапада, ён па-ранейшаму знаходзіўся ў ПКТ.

Цяпер адміністрацыя калоніі спрабуе дамагчыся яго пераводу назад у гродзенскую турму. Пра гэта праваабаронцам «Вясны» паведаміў блізкі да Лісоўскага чалавек.

Ці адбыўся ўжо адпаведны суд і якое рашэнне прынята, пакуль невядома. 

Ёсць у палітвязня і іншыя праблемы. З-за ўключэння ў пералік асоб, звязаных з тэрарыстычнай дзейнасцю, яму недаступныя грашовыя пераводы ад родных. Адпраўленыя грошы вяртаюцца назад, а заробленае ў калоніі ўтрымліваюць у кошт кампенсацыі маральнай шкоды. Нават бандэроль з кавай, гарбатай і шакаладам вагой два кілаграмы, якая некалькі месяцаў дабіралася да калоніі, Лісоўскаму не перадалі. «Сяргей марыць купіць у турэмнай краме хаця б самае таннае печыва», – распавядае блізкі яму чалавек.

Нягледзячы на абмежаванні, мужчына стараецца не губляць цікавасці да жыцця. Ён шмат чытае, малюе, займаецца фізічнымі практыкаваннямі, вучыць іншых зняволеных гуляць у шахматы. Паводле блізкіх, у турме яму нават удалося зацікавіць сукамернікаў класічнай музыкай і літаратурай. Сам Лісоўскі жартам называе свой падыход да жыцця «аптымістычным будызмам».

А вось стан здароўя палітвязня выклікае ў родных сур’ёзную трывогу. За гады зняволення ў яго абвастрыліся праблемы з венамі, пагоршыўся зрок, з’явіліся захворванні зубоў і боль у калене. Паводле блізкіх, мужчыну неабходныя паўнавартаснае абследаванне і лячэнне.

Фотаздымак: Праваабарончы цэнтр “Вясна”

← Усе навіны Магілёва