Каля трох дзясяткаў прадстаўнікоў прыватнага бізнесу Бабруйска прынялі ўдзел у “хуткіх спатканнях”, каб знайсці для сябе новыя дзелавыя кантакты.
“Вашывых блох” і “спекулянтаў”, як калісьці прадпрымальнікаў назваў беларускі дыктатар, сабрала сетка нетворкінгаў Белаграпрамбанка “Цэнтры прыцягнення Igrow”. У Бабруйску такі цэнтр адкрыўся яшчэ ў 2019 годзе, аднак толькі з кастрычніка мінулага года, паводле сведчанняў мясцовай прэсы, яго праца актывізавалася.
Сярод прыйшоўшых на бясплатную сустрэчу былі візажысты і масажысты, маркетолагі і бізнес-трэнеры, блогеры і фатографы, арганізатар агратурызму, рамонтнік кампутараў з электрасамакатамі і праекціроўшчык электразабеспячэння. Жанчыны складалі большасць удзельнікаў гэтых “хуткіх спатканняў”, дзе за пару хвілін трэба было пазнаёміцца, расказаць пра свой бізнэс і даведацца пра справу суразмоўцы.
Паводле арганізатараў мерапрыемства, на такіх бізнес-сустрэчах прадпрымальнікі знаходзяць новыя кантакты, рынкі збыту, магчымасці кааперацыі.
Варта адзначыць, што крыху раней, у кастрычніку, у Бабруйску прайшло пашыранае пасяджэнне гарадскога савета па развіцці прадпрымальніцтва. Удзел у ім прыняў старшыня гарвыканкама Максім Гурын. Паводле агучанага там, у горадзе зараз каля 11 тысяч суб’ектаў малога і сярэдняга бізнесу. Пры гэтым па даных на 1 снежня 2023 года ў Бабруйску было 6 400 такіх суб’ектаў. То бок, за два гады – рост амаль у два разы.
У сярэдзіне 1990-х цяперашні правіцель Беларусі абяцаў паціснуць руку апошняму прадпрымальніку. Мінула каля трох дзясяткаў гадоў, але нават на прыкладзе Бабруйска бачыцца сумнеўным, што жаданне дыктатара здзейсніцца.
Фотаздымак: komkur.info
