У Бабруйску затрымалі 53‑гадовага іншаземца, які перарабляў сігнальныя пісталеты ў баявыя.
На грамадзяніна суседняй краіны (так беларускія сілавікі звычайна называюць Расію), які жыве ў Бабруйску, выйшлі супрацоўнікі пятага ўпраўлення ГУБАЗіК. Падчас праверкі яго кватэры і гаража міліцыянеры знайшлі пісталет ТТ, два рэвальверы і боепрыпасы часоў Другой Сусветнай вайны.
Высветлілася, што першапачаткова ўся гэтая зброя была сігнальнай. Мужчына легальна набыў яе ў спецыялізаванай краме на радзіме і прывёз у Беларусь разам з дакументамі. Паколькі пісталет і рэвальверы прызначаліся для падачы сігналаў, спецыяльнага дазволу на іх захоўванне не патрабавалася.
Аднак імаверны расіянін вырашыў не абмяжоўвацца першапачатковым прызначэннем сваіх набыткаў. Маючы вайсковы досвед і веды ў зброевай справе, ён унёс змены ў канструкцыю пісталета і рэвальвераў. У выніку, як пацвердзіла экспертыза, усе тры адзінкі сталі паўнавартаснай агнястрэльнай зброяй, прыдатнай для стральбы.
Асобную цікавасць для міліцыі ўяўлялі знойдзеныя ў мужчыны патроны. Паводле МУС, іх ён здабыў падчас нелегальных раскопак, калі з металашукальнікам шукаў вайсковыя рэліквіі. Такім чынам, зброю ён перарабляў сам, а боепрыпасы знаходзіў у зямлі.
У дачыненні да жыхара Бабруйска распачалі крымінальную справу. Які менавіта артыкул яму інкрымінуюць, у паведамленні МУС не ўдакладняецца.
Фотаздымак: ТГ “МУС Беларусі”
