Ленін Круглае

У магілёўскіх раённых СМІ святкуюць Кастрычніцкі пераварот

Прывід бальшавізму зноў блукае па Магілёўшчыне.

У сродках масавай інфармацыі Магілёўшчыны пачынаецца гістэрычнае ўсхваленне “вялікага кастрычніка”, які нібыта аддаў зямлю сялянам і заводы рабочым.

Як правіла, больш за ўсіх у гэта вераць чыноўнікі-лукашысты, уладальнікі зямлі ў Драздах і вялікія спецыялісты па стратнасці заводаў.

Першай апублікавала рэпартаж са святкавання 7 лістапада круглянская “раёнка”, адзначыўшы, што “для Беларусі Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі заўсёды быў і застаецца культавым, знакавай падзеяй, што вызначыла ўсю наступную гісторыю нашага народа і краіны ў цэлым”.

Помнік Ільічу ў Круглым хоць і ўстаноўлены на нізкім пастаменце, але памеры ў яго ўнушальныя.

Судзячы па засяроджаных тварах удзельнікаў мітынгу, яны перакананыя ў тым, што эпітэт “культавы” можна аднесці да дня захопу ўлады бальшавікамі.

Кіраўніцтва Хоцімскага раёна ўпэўненае ў тым, што захавала і памножыла патэнцыял савецкай улады.

У Кіраўску ўсе чыноўнікі, адзіным парывам, расказалі пра карысць кастрычніцкага перавароту для шараговых грамадзян.

Слаўгарадская раённая газета, вядомая празмернай патэтыкай нават у адносінах да смеццевых бакаў, распавяла чытачам пра Прапойск у тыглі рэвалюцыйных гадоў і ўспомніла “культавага” прапойскага паэта, які заклікаў «не адрываць Беларусь ад жывога цела Расіі».

Ну, а ў Крычаве ўспомнілі пра тое, што дзякуючы рэвалюцыі ў 1937 годзе ў горадзе адкрылі аўтобусны рух.

І гэта толькі пачатак. Проста прыхільнікі рэвалюцыі пакуль што занятыя на мітынгах, а выплёскваць свае эмоцыі ў СМІ будуць пазней і сціхнуць толькі праз некалькі дзён.

Фота круглянскай раённай газеты.