камсамолкі

У Слаўгарадзе правялі сустрэчу з пажылымі камсамолкамі

Слаўгарадскія камсамолкі часоў СССР спрабавалі распаліць агеньчык у сэрцах моладзі. Падаецца, не атрымалася.

У Слаўгарадскім цэнтры дзіцячай творчасці правялі сустрэчу, прысвечаную 107-й гадавіне камсамола. Дата не круглая, таму і сустрэча прайшла вяла і без агеньчыка.

Школьнікам паказвалі чорна-белыя савецкія фатаграфіі, спрабуючы зацікавіць іх адчайным выглядам камсамольцаў-добраахвотнікаў, дзеля большага пераканання дэманстравалі старую байцоўку студатрада і нават спявалі камсамольскія песні.

Аднак, наладзіць масты паміж мінулым і будучыняй, мяркуючы па тварах падлеткаў на фота з месца падзей, не ўдалося.

Удзелам у капанні мёрзлай зямлі для вузкакалейкі і датычнасцю да пераносу цэглы на будоўлях, хай сабе і тры разы вялікіх, моладзь ужо не зацікавіш.

Ды і пераконваць юных беларусаў у тым, што БРСМ дасць ім пуцёўку ў жыццё, бессэнсоўна.

Школьнікі занадта прасунутыя і цудоўна разумеюць, што пуцёўку ў жыццё можа даць толькі прэстыжная адукацыя, веданне замежных моў і, па магчымасці, пераезд у краіну, дзе ўсё гэта сапраўды мае вагу.

Фота газеты “Прысожскі край”.