Касцюковічы ферма

У Касцюковічах узнагародзілі цялятніц, якім можна толькі паспачуваць

Жывёлаводкі з пасёлка Шарэйкі ў Касцюковічах лічацца прыкладам для пераймання, але насамрэч такога жыцця і ворагу не пажадаеш.

Расповед пра дзвюх сябровак, якія працуюць на малочна-таварнай ферме ў пасёлку для перасяленцаў Шарэйкі ў Касцюковіцкім раёне, змешчаны ў мясцовай газеце, па задуме аўтараў павінен быў стаць сагай пра працоўную доблесць, але на справе выклікае толькі спачуванне да гераінь.

Лёсы Святланы і Алены падобныя і з’яўляюцца, па сутнасці, ілюстрацыяй таго, як абыходзіцца з беларускімі жанчынамі калгасная сістэма, насаджаная Лукашэнкам, у якой пік кар’еры сялянкі – жывёлавод чацвёртага разраду.

Пры вялікім жаданні лічбу “пі” або залатое сячэнне можна адшукаць і ў добра збітым табурэце. Так і са Святланай, якую скарацілі з дзіцячага садка пасля 23 гадоў працы, і цяпер яна размаўляе з цялятамі “на мове пяшчоты і любові, якой навучылася, працуючы ў садку”.

Алена ж распавядае, што “трымае падсобную гаспадарку: курэй, качак, трусоў. Раней на падворку было па тры каровы, конь, свінні, а цяпер гаспадарка значна зменшылася”.

Вось такі ён, сапраўдны, без упрыгожванняў лёс жанчын, якія не бачылі ў жыцці нічога, акрамя цяжкай фізічнай працы і станоўчых характарыстык ад загадчыцы фермы.

Вельмі складана пераканаць кагосьці ў тым, што гэта і ёсць прыклад для пераймання. Хутчэй, прыкладам можа быць былая старшыня райвыканкама Святлана Міхеенка, якая, паводле меркавання касцюкаўчан, разваліла раён, а пасля перасела ў крэсла сенатаркі.

Можна таксама пазайздросціць працоўнай доблесці яшчэ адной сенатаркі з Касцюковіч – Ірыны Петрусевіч. Яна зрабіла сваю кар’еру менавіта на напісанні саг пра цялятніц. Аднак чамусьці дачку Віталіну не адправіла на ферму, а дала ёй юрыдычную адукацыю і ўладкавала на абласное тэлебачанне.

Аднак, калі не згушчаць фарбы, у гэтай гісторыі ёсць і светлы момант: за сваю самаадданую працу Святлана і Алена ўзнагароджаны Ганаровай граматай і Падзякай райвыканкама.

Фота раённай газеты.