Магілёўскія АМАПаўцы дзяліліся з журналістамі “баявым” досведам.
22 лістапада спаўняецца 37 гадоў з дня заснавання АМАП Рэспублікі Беларусь. У Магілёве прайшоў першы турнір, прысвечаны дню ўтварэння АМАПу.
Гэтую ідэалагічную бадзягу, скіраваную на ўмацаванне «сяброўства» паміж АМАПам і журналістамі, афіцыйная прэса асвятляла як суровае аднадзённае выпрабаванне трываласці цела і духу.
Штатныя журналісты і блогеры прымерылі форму цуда-волатаў, пастралялі з пісталета і «прачулi фізічныя нагрузкі, якія з’яўляюцца часткай паўсядзённай працы» АМАПаўцаў. Потым «паспыталі смачнай салдацкай кашы з вайсковай палявой кухні, якая разам з салодкай армейскай гарбатай выдатна аднавіла сілы журналістам і блогерам, што выйшлі са сваёй зоны камфорту ў гэты дзень».
Калі перакласці ўсё гэта на звычайную мову, то «воіны святла» з АМАПу даўно прывыклі да фізічных нагрузак у фармаце групавых нападаў на бяззбройных людзей – чым і дыскрэдытавалі сябе канчаткова яшчэ ў 2020 годзе.
Ну, а журналісты праўладных СМІ з той зоны камфорту, па сутнасці, ніколі і не выходзілі – кожны дзень атрымліваючы сытную і смачную кашу за трансляцыю хлусні беларускіх уладаў.
Фота: “Магілёўскія ведамасці”.