У Магілёве камунальшчыкі выразалі кавалак тратуара. Ёсць пацярпелыя

Няўклюдны рамонт тратуара на бульвары Непакораных у Магілёве дорага абышоўся 9-гадовай дзяўчынцы.

Знявечаны рамонтам тратуар на бульвары Непакораных у Магілёве стаў прадметам расследавання журналістаў “Магілёўскіх ведамасцяў”. 

Пра яго нават знялі відэасюжэт і тры дні шукалі ў нейкім ЖЭУ аўтара ідэі зрабіць урэзку ў тратуар, каб элегантна абыйсці каналізацыйны люк. 

Само сабой, у поўнай непрафесійнасці ніхто не прызнаўся.

Тым часам ужо ёсць і пацярпелыя: 9-гадовая дзяўчынка, што ехала на ровары, трапіла ў камунальную пастку і апынулася ў бальніцы.

Можна, вядома, практыкаавацца ў прыдумванні сатырычных эпітэтаў, называць урэзку мадэрнісцкай або авангарднай, але па сутнасці гэтая гісторыя – люстэрка лукашэнкаўскай Беларусі, дзе людзі займаюцца справай, у якой нічога не разумеюць, атрымліваюць за гэта заробак і выдаюць дрымучае невуцтва начальства за кемлівасць.

Па-людску дык, «спецыяліста», які спраектаваў гэтую урэзку, мала проста выгнаць з працы, трэба было б і да крымінальнай адказнасці прыцягнуць.

Але вынік разбіральніцтва, як бачым, іншы – збілі драўляную імітацыю тратуара. Яны, вядома ж, паабяцалі «вырашыць праблему кардынальна», але цяля добрых намераў за трыццаць гадоў так і не з’ела ваўка татальнага бардака.

Люк бульвар

Фота: скрыншот відэа газеты “Магілёўскія ведамасці”.