Бабруйчанін Юрый Савелюк ужо паўтара года сілкуе свой хатні халадзільнік энергіяй сонца.
Сонечныя панэлі на вынас
Бабруйскі “самадзелкін” з тэхнікай на “ты” яшчэ са школы, піша komkur.info. А любоў да падарожжаў і адпачынку на прыродзе падштурхнула Юрыя да пошуку аўтаномнай крыніцы энергіі. Для шматдзённых паездак ён набыў дзве першыя сонечныя панэлі, сабраў уласны акумулятар і стварыў пераносную электрастанцыю для лямпы, міні-халадзільніка і гаджэтаў.
Але летні сезон заканчваўся, а сонечныя панэлі маглі працаваць круглы год. Так яны пераехалі з лесу на балкон шматкватэрнага дома. Спачатку дзве, потым яшчэ дзве – разам чатыры панэлі па 100 Вт кожная.
Паводле бабруйчаніна, сабраць або дэмантаваць усю сістэму можна за некалькі хвілін, а калі трэба, то панэлі лёгка перавезці.
Як працуе хатняя электрастанцыя
Сістэма выглядае так: сонечная энергія з панэляў паступае на кантролер (ён схаваны ў шафе кіравання), дзе напружанне зніжаецца з 42 да 14 вольт. Далей энергія ідзе на зарадку акумулятара, а ўжо ад яго – на інвертар, які робіць з 14 вольт звыклыя 220.
Сонца не свеціць круглыя суткі, таму акумулятар – абавязковы, бо ён запасае лішак энергіі ўдзень і аддае ўначы, тлумачыць Юрый.
Улетку халадзільнік працуе фактычна толькі ад сонца, і плаціць за электрычнасць даводзіцца каля 10 рублёў у месяц. Узімку менш сонца, але нават у лістападзе, кажа Юрый, панэлі генеруюць да 30% патрэбнай энергіі, у снежні – каля 20%.
Калі сонца няма зусім, аўтаматыка сама пераключае халадзільнік на хатнюю сетку і можа нават падзарадзіць акумулятар. Кіраваць працэсам дазваляе мабільнае прыкладанне.
Ці акупляецца сістэма?
Юрый сцвярджае: мэта была не ў эканоміі, таму падлікам акупляльнасці ён не займаўся. За паўтара года ён уклаў каля 2000 рублёў у абсталяванне, і сістэма ні разу не падводзіла. Абслугоўванне мінімальнае: перыядычна мыць панэлі спецыяльным сродкам.
Паводле бабруйчаніна, панэлі ён усталёўваў не дзеля эканоміі, а для дыверсіфікацыі крыніц энергіі.
У планах паставіць яшчэ дзве панэлі на бакавую сценку балкона, што «глядзіць» строга на поўдзень. Там сонца больш нават у зімовыя дні.
Фотаздымак: komkur.info