траса

Пад Бабруйскам плануюць пашырыць дарогу да трасы Мінск-Гомель – праз пяць гадоў

Павялічыць колькасць палос руху, паставіць сетку ад звяроў і пабудаваць яшчэ адну развязку збіраюцца на дарозе ад Бабруйска да аўтатрасы М5 Мінск-Гомель. Праўда, не раней 2030 года.

Дарога ад М5 да Бабруйска працягласцю каля васьмі кіламетраў пачынаецца ад развязкі з аўтамагістраллю каля вёскі Баяры і вядзе да гарадскога раёна Яловікі. Пра яе абнаўленне гаварылі яшчэ ў 2010 годзе, аднак да справы не дайшло. За гэты час сама М5 ужо атрымала статус дарогі першай катэгорыі: там пашырылі колькасць палос, усталявалі падзел трафіку бар’ерамі, а таксама сетку ад дзікіх жывёл. Пра гэта піша komkur.info.

Аднак, пад’езд да аўтатрасы з Бабруйска застаўся звычайнай двухпалоснай шашой, якая ўсё цяжэй спраўляецца з ростам транспартнага патоку. Найбольшую нагрузку ствараюць машыны са сталічнага кірунку, транспарт з дачных масіваў на паўночным захадзе раёна, а таксама паток з Асіповічаў. Акрамя таго, дарога з’яўляецца выхадам на трасу Р67 у бок Беразіна і Барысава.

Паводле начальніка тэхнічнага аддзела РУП «Магілеўаўтадар» Аляксандра Даманкова, праектаванне павінна пачацца ў 2028 годзе. Аднак, асноўныя параметры будучай рэканструкцыі ўжо апісаныя.
Гэта:
– пашырэнне дарогі мінімум да чатырох палос , па дзве ў кожны бок;
– стварэнне раздзяляльнай паласы з ахоўнай агароджай;
– новая развязка з дарогай Р67 у Сычкаве.
Таксама павінны перабудаваць чыгуначны пуцеправод у Калініна, бо яго даўжыні недастаткова для пашыранай аўтадарогі, і ўсталяваць уздоўж яе сетку ад дзікіх жывёл.

Пакуль застаецца адкрытым пытанне аб хуткасным рэжыме. Паводле Даманкова, не факт, што дазволеная хуткасць вырасце пасля рэканструкцыі. «У Беларусі ёсць нямала дарог першай катэгорыі з абмежаваннем 90 км/г. Канчатковае рашэнне будуць прымаць разам з ДАІ» – адзначыў ён.

Улічваючы тэрміны праектавання, уласна будаўнічыя працы стартуюць не раней за 2030 год. 

Фотаздымак: komkur.info