Магілёў прафсаюзы эмблема

Беларускамоўная эмблема з Магілёва перамагла ў прафсаюзным конкурсе

Лагатып аўтарства магіляўчанкі Марыны Бяляевай стаў пераможцам ў конкурсе да 105-ай гадавіны Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.

Паводле інфармацыі тэлеграм-канала “Прафсаюзы Магілёўшчыны”, з больш чым 300 заявак эмблема з Магілёва абраная лепшай да 105-годдзя арганізацыі. Марына Бяляева прадстаўляе першасную прафсаюзную арганізацыю Беларуска-Расійскага універсітэта. Такім чынам, яе праца са слоганам «105 гадоў з людзьмі і для людзей!» стала галоўным сімвалам гэтага года для гэтага прафсаюза.

Разам з тым, можа падацца даволі дзіўным, што прафсаюзныя босы выбралі менавіта беларускамоўную эмблему. Бо калі паглядзець на сайты Магілёўскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў, Магілёўскай абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, ФПБ і таго ж Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, то знайсці там нешта беларускамоўнае, акрамя асобных назваў, вельмі цяжка. Сайты нават не маюць беларускіх версій. Відаць, праўладныя прафсаюзнікі вызначылі ролю беларускай мовы згодна маркетынгу – чалавек звычайна звяратае ўвагу на нешта нязвыклае і рэдкае.

Фотаздымак: obkom.by