Магілёў адвакат цукеркі

Магілёўскі адвакат: закон не забараняе дзецям купляць цукеркі з алкаголем унутры

Прадаўцы не могуць адмовіць непаўналетнім у пакупцы цукерак з алкагольным начыннем, сцвярджае адвакат Магілёўскай абласной калегіі адвакатаў Уладзімір Гарбачоў.

Раней у Інтэрнэце з’явілася інфармацыя, нібыта падлеткі ў Расіі купляюць беларускія шакаладныя цукеркі ў форме маленькіх бутэлек з лікёрам ці каньяком унутры. Хтосьці ўбачыў у гэтым парушэнне заканадаўства ў выглядзе продажу алкагольнай прадукцыі непаўнагадовым.

Насамрэч, гэта не так. Як патлумачыў магілёўскі адвакат, у беларускім заканадаўстве няма норм, якія абмяжоўваюць продаж цукерак з алкагольным начыннем, таму забараніць прадаваць непаўналетнім такія цукеркі не атрымаецца.

Забарона на продаж алкаголю непаўналетнім прымяняецца толькі да сапраўднай алкагольнай прадукцыі, а не да кандытарскіх вырабаў.

“Шакалад горкі з начыннем “Шакаладныя бутэлечкі з каньяком” і “Шакаладныя бутэлечкі з лікёрам” выпускаецца па рэцэптурах, узгодненым Міністэрствам аховы здароўя РБ. Дадзеная прадукцыя адносіцца да групы “кандытарскія вырабы” і не адносіцца да алкагольнай прадукцыі, у дачыненні да якой ўсталёўваюцца ўзроставыя абмежаванні” – заявілі ў сваю чаргу на кандытарскай фабрыцы “Камунарка”. Там таксама адзначылі, што пытанне ўжывання дзецьмі кандытарскіх вырабаў з алкагольным начынннем адносіцца да зоны адказнасці бацькоў.

Фотаздымак: ТГ “Камунарка”