Дзень у гісторыі. 12 снежня. Нарадзіўся Сімяон Полацкі. СССР уводзіць войскі ў Афганістан

1586 год. Памёр Стэфан Баторый

Кароль польскі і вялікі князь літоўскі.

Зрабіў значны ўклад ва ўмацаванне Рэчы Паспалітай, спрыяў падняццю яе аўтарытэту ў Еўропе. Умацаваў армію. Прывёў Лівонскую вайну да задавальняльнага для Рэчы Паспалітай выніку.

Пры ім кожны трэці сойм праходзіў у Гродне, там жа меў і рэзідэнцыю. Памёр у Гродне.

Адна з цэнтральных вуліц Гродна носіць імя Стэфана Баторыя.

Стэфан Баторый

1629 год. Нарадзіўся  Сімяон Полацкі (Самуіл Пятроўскі-Сітняновіч). 

Паэт, пісьменнік, энцыклапедыст-асветнік, рэлігійны дзеяч, іераманах ордэна базыльян. 

Аўтар вершаў, п’есаў, падручнікаў, філасофскіх твораў.

Скончыў Кіева-Магілянскую, Віленскую езуіцкую акадэміі. Выкладаў у брацкай школе ў Полацку.

Лічыў, што сапраўдны цар – той, хто дбае аб грамадзянах, думае пра іх патрэбы. Тыран – рабуе і крыўдзіць падданых.

У Маскве вучыў царскіх дзяцей Аляксея Цішайшага, у тым ліку будучага імператара Пятра.

Прынёс у Расію заходнюю філасофію і эстэтыку, высокую кніжную паэзію і мастацтва школьнай драматургіі. Арганізаваў друкарню ў Крамлі, у якой выйшлі «Буквар языка славенска», «Псалтыр рыфматворная» .

Па яго ініцыятыве была заснавана Славяна-грэка-лацінская акадэмія, 

У Полацку з 1994 года працуе Музей-бібліятэка Сімяона Полацкага. Пастаўлены яму помнік.

Памёр 25 жніўня 1680 года ў Маскве.

Сімяон Полацкі

1796 год. Ліквідавана Магілёўскае намесніцтва і ўтворана Беларускaя губернія

12 снежня 1796 г. імператарскі ўказ скасоўвае Магілёўскае намесніцтва, якое існавала з 1778 г. Магілёўскае і Полацкае намесніцтвы аб’ядноўваюцца ў Беларускую губернію з цэнтрам у Віцебску. Магілёў пры гэтым становіцца цэнтрам Магілёўскага павета ў складзе новай губерніі.

Магілёўскае намесніцтва

1875 год. Вынайдзена дугавая лямпа без рэгулятара – “электрычная свечка” Паўла Яблачкава. 

Сваё вынаходніцтва інжынер прадставіў на лонданскай выставе фізічных прыбораў, якая праходзіла 15 красавіка 1876 года ў Лондане. У многіх краінах свету былі заснаваны кампаніі па камерцыйнай эксплуатацыі “свечкі Яблачкава”. Яны з’явіліся ў продажы і пачалі разыходзіцца ў вялікай колькасці. Кожная свечка каштавала каля 20 капеек і гарэла 1,5 гадзіны. Па заканчэнні гэтага часу даводзілася ўстаўляць у ліхтар новую. Пасля былі прыдуманы ліхтары з аўтаматычнай заменай свечак.

лямпа дугавая

1901 год. Італьянскі вынаходнік Гульельма Марконі праводзіць першы сеанс трансатлантычнай радыёсувязі. 

У канадскім Сэнт-Джоне, а 12:30 Марконі са сваім асістэнтам Джорджам Кемпам з дапамогай прыёмніка з правадной антэнай, якая была прымацавана да паветранага шара, прынялі тры слабыя сігналы брытанскай радыёстанцыі. Упершыню радыёпаведамленне перасекла акіян – 3500 км. Эксперымент паказаў, што радыёсігналы могуць распаўсюджвацца далёка за межы гарызонту.

радыё

1928 год. У Бабруйску нарадзіўся Уладзімір Санін (Рыўкін).  

Савецкі пісьменнік, сцэнарыст, драматург, палярнік, падарожнік.

 Працаваў на радыё, пісаў для перадачы “З добрай раніцай!”.

Неаднаразова ўдзельнічаў у экспедыцыях у Арктыку, у тым ліку на дрэйфуючую станцыю “Паўночны полюс-15”, у Антарктыку (1970/1971), па акіянах уздоўж экватара.

Аўтар гумарыстычных аповесцей, аповесцей-падарожжаў, цыклаў раманаў аб Арктыцы, Антарктыцы, аб прадстаўніках гераічных прафесій (пажарныя, лётчыкі, маракі, палярнікі), некалькіх дзясяткаў аповесцяў, апавяданняў, зборнікаў прозы, п’ес, шматлікіх артыкулаў.

Яго аповесці прасякнуты добрым тонкім гумарам і іроніяй. Аўтара адрозніваюць цікавасць да выпрабаванняў чалавека ў цяжкіх умовах, маральна-псіхалагічныя праблемы.

Па яго творах зняты фільмы “Мужчыны не плачуць”, “72 градусы ніжэй за нуль”, “Антарктычная аповесць” (тры серыі), “Кропка вяртання”, “Белы праклён”.

санін

1968 год.  Нарадзіўся Усевалад Гарачка. Беларускі паэт.

Адзін са стваральнікаў літаратурнага руху «Бум-Бам-Літ» (1994). Член Беларускага ПЭН-цэнтра.

Аўтар вершаў, крытычных артыкулаў, эсэ, апавяданняў, кніг паэзіі «Пралетарскія песні», «Даты», сааўтар некалькіх кніг, у т.л. «Тазік беларускі».

Друкаваўся ў газетах «Літаратура і мастацтва», «Наша Ніва», часопісе «Крыніца».

Усевалад Гарачка

1966 год. У эксплуатацыю быў уведзены першы комплекс “Белшыны”.

Будаўніцтва Беларускага шыннага камбіната пачалося ў Бабруйску ў верасні 1965 года.

У 1968 годзе пачаў дзейнічаць блок механічных вытворчасцяў (пасля – механічны завод), дзе збіралася і выраблялася абсталяванне для будучых цэхаў вытворчасці, адпрацоўваліся новыя метады зборкі шын, праходзіла практычнае навучанне.

Белшына

1979 год. Палітбюро ЦК КПСС афіцыйна прыняло рашэнне аб уводзе савецкіх войскаў у Афганістан. 

Рашэнне было прынята ў вузкім коле – на сустрэчы Л. Брэжнева з Ю. Андропавым, Дз. Усцінавым, А. Грамыкай, К. Чарненкам – пяццю членамі палітбюро з 12.

Першыя савецкія часткі перасеклі мяжу 25 снежня 1979 года а 18:00 па мясцовым часе. Першым мяжу перасек 781-й разведбат 108 мотастралковай дывізіі (Узбекістан). 

На аэрадромы Кабула і Баграма па паветры былі перакінуты віцебскія (103 дывізія), полацкія (350 полк палкоўніка Г. Шпака, ураджэнца Асіповічаў) дэсантнікі. Пры пасадцы разбіўся Іл-76 разам з вайскоўцамі – загінула 10 летчыкаў і 37 дэсантнікаў. 

Увечары 27 снежня спецгрупамі КДБ і атрадам Галоўнага разведвальнага ўпраўлення была ажыццёўлена спецаперацыя “Шторм-333”. У выніку яе быў захоплены палац Тадж-Бек, дзе размяшчалася рэзідэнцыя новага кіраўніка Аўганістана Х. Аміна, а сам ён быў забіты. Было спешна аформлена абранне генеральным сакратаром кіруючай партыі Б. Кармаля, які напярэдадні нелегальна прыбыў з СССР.

афган

1991 год.  Расія выйшла са складу СССР. 

Расія ратыфікуе  Белавежскія пагадненні, якія былі падпісаны 8 снежня 1991 года, ставіць кропку ў існаванні СССР і ўваходзіць у склад Садружнасці Незалежных Дзяржаў. 

Да гэтага пагадненні ратыфікавалі Беларусь і Україна (10 снежня), пазней – Казахстан (23 снежня), Таджыкістан (25 снежня), Арменія і Туркменістан (26 снежня 1991), Узбекістан (4 студзеня 1992), Кыргызстан (6 сакавіка 1992), Азербайджан (24 верасня 1993), Грузія (3 снежня 1993), Малдова (8 красавіка 1994).