Узаемавыключальныя эканамічныя выкладкі Лукашэнкі заблыталі сельскі сход у Глускім раёне, дзе абмяркоўвалі пытанні аўтобусных зносін і вясковай лазні.
Старшыні глускага райвыканкама Аляксею Жураўлёву давялося аддувацца за трызненне, якое нясе самапрызначаны кіраўнік Беларусі.
Жураўлёў удзельнічаў у сельскім сходзе ў вёсцы Заволочыцы Глускага раёна. Калі ўзнялі пытанне пра перавозку людзей па маршруце Глуск-Бабруйск аўтобусамі бабруйскага філіяла аўтапарка №2 і маршруткай, высветлілася, што прыватнік запусціць маршрут у тэставым рэжыме і пралічыць яго эканамічную выгаду.
Ён будзе вазіць людзей з панядзелка па пятніцу, а аўтобус – па пятніцах, суботах і нядзелях.
Праблема ў тым, што людзям давядзецца апраўдваць чаканні маршрутчыка і часцей карыстацца транспартам. Інакш – ніякіх паездак не будзе.
І тут адзін з удзельнікаў сельскага сходу нагадаў старшыні райвыканкама словы Лукашэнкі пра тое, што аўтобус павінен хадзіць нават туды, дзе жыве адзін чалавек. Гэта прагучала як аргумент на карысць таго, што ўладам варта не чакаць рашэння прыватніка, а павялічыць колькасць рэйсаў дзяржаўнага аўтобуса.
Аляксею Жураўлёву давялося прывесці іншае выказванне Лукашэнкі – што лішніх грошай у дзяржавы няма. Адсюль выснова: аўтобусы дзяржаўнага прадпрыемства не збіраюцца вазіць паветра.
Падобная сітуацыя і з мясцовай лазняй – яе закрылі з-за эканамічнай немэтазгоднасці.
Сельскі сход нібыта «адзінагалосна» пагадзіўся з довадамі старшыні, але асадачак застаўся.
А як інакш? Эканоміка не слухае загадаў Лукашэнкі і пастаноў яго прадстаўнікоў на месцах. Таму і даводзіцца выкручвацца. Добра, што супярэчлівых выказванняў у Лукашэнкі хапае на ўсе выпадкі жыцця.
Фота раённай газеты “Радзіма”.