пісьменнікі магілёў

У Магілёўскай вобласці налічылі 40 пісьменнікаў

Магілёўскае абласное аддзяленне грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі» налічвае ў сваіх шэрагах сорак майстроў пяра.

Пісьменнікі Магілёўшчыны, “чыя творчасць складае залаты фонд рэгіянальнай і нацыянальнай літаратуры”, падвялі вынікі года.

Старшыня суполкі Аляксандр Казека распавёў, што аўтары:

  • вялі актыўную асветніцкую працу;
  • сустракаліся з чытачамі ў гарадскіх, раённых і сельскіх школах і бібліятэках;
  • удзельнічалі ў літаратурных чытаннях і памятных мерапрыемствах;
  • правялі мноства прэзентацый новых кніг.

Усё правільна: калі пісьменнікаў ні многа ні мала – сорак душ, то і кніг за год павінна быць напісана не менш за дзясятак. Інакш атрымаецца нейкі творчы застой.

Дзіўна, што дакладную колькасць раманаў, што выйшлі з-пад пёраў магілёўскіх сапернікаў Айзека Азімава і Дзіна Кунца, Казека не ўдакладніў.

Затое паведаміў, што ў 2025 годзе ад Магілёўскай вобласці ў Саюз уступілі знакамітыя літаратары Віктар Кубека і Анатоль Папейка.

Дарэчы, два пісьменнікі – гэта гадавы ліміт для кожнай вобласці, устаноўлены праўладным саюзам літаратараў. 

Відавочна, ёсць асцярогі, што калі прымаць усіх ахвотных, кніжныя паліцы бібліятэк вобласці рухнуць пад цяжарам свежанапісаных жамчужын сусветнай літаратуры

Фота: “Магілёўскія ведамасці”.