І вярба ломкая, і вольха чорная. Усё пусціў пад сякеру бабруйчанін, які купіў участак у Светлагорскім раёне.
Светлагорскаму раённаму аддзелу Следчага камітэта давялося займацца абставінамі незаконнай высечкі дрэў у вёсцы Васілеўка на тэрыторыі, што прымыкае да прыватнага домаўладання.
Гэты ўчастак набыў бабруйчанін, які доўгі час жыў і працаваў у Расіі і падышоў да добраўпарадкавання сваіх уладанняў з нядрэннай дзелавой хваткай і чыста расійскім самаўпраўствам.
Ён наняў брыгаду для зносу старых пабудоў і ўзвядзення новых, а таксама вырашыў добраўпарадкаваць тэрыторыю за межамі свайго ўчастка – зрабіць газон, пляж і прычал.
Васілеўка яшчэ не бачыла такіх гаспадарчых падыходаў і феадальных замашак.
Новы ўласнік аддаў загад спілаваць усе дрэвы ад плота дома да берага ракі, хаця гэта тэрыторыя адносіцца да зямель агульнага карыстання і СУП «Міхайлаўскае-агра». У выніку было знішчана 186 дрэў розных парод (вярба ломкая, вольха чорная, клён ясенелістны, груша, дуб). Шкода, нанесеная навакольнаму асяроддзю, склала 12 975 рублёў.
Улічваючы, што гэта першае злачынства 45-гадовага бабруйчаніна, якое не нясе вялікай грамадскай небяспекі, а таксама добраахвотнае кампенсаванне шкоды і шчырае раскаянне, пракурор дазволіў спыніць крымінальную справу і прыцягнуць вінаватага толькі да адміністрацыйнай адказнасці – штрафу.