Веды

Сход таварыства “Веды” ў Магілёве прызнаў, што непісьменнасць – гэта цемра

Старшыня таварыства “Веды”, выступаючы перад магілёўскімі “знаўцамі”, трапіў у яблычак, калі прызнаў, што высокі ўзровень невуцтва вядзе да правалаў у эканоміцы.

Дзе, як не ў Магілёве казаць пра тое, што “на пэўным этапе высокі ўзровень невуцтва можа прывесці да таго, што людзі пачынаюць верыць у розныя забабоны і містыфікацыі. Гэта пагражае прыняццем няслушных рашэнняў у сферы эканомікі, сацыяльнага развіцця, навукі і тэхналогій, што, у сваю чаргу, аслабляе дзяржаўны апарат і яго эканамічны базіс”.

Гэтая цытата належыць старшыні рэспубліканскага аб’яднання “Веды”, аналітыку БІСІ Аляксею Аўдоніну, а адрасаваная яна была іншым аналітыкам, якія сабраліся на дыялогавай пляцоўцы ў Магілёве.

Аўдонін вельмі каротка і ёміста сфармуляваў усе праблемы Магілёўшчыны, як самай адсталай вобласці краіны. Тут вам і дрымучае эканамічнае невуцтва, і містыфікацыі-забабоны, накшталт адкрыцця дзясятка рыбных комплексаў да канца года, і няслушныя рашэнні ў сферы эканомікі, што нядаўна прывялі да таго, што дырэктараў вядучых прадпрыемстваў Магілёўскай вобласці пакаралі за правалы.

Нарэшце “Веды” знайшлі ў сабе сілы прызнаць, што чыноўнікаў нашай вобласці трэба або прасвятляць, або гнаць у тры шыі з наседжаных насестаў.

Фота: “Магілёўскія ведамасці”.