Былы фігурант справы “Белага легіёну” Сяргей Стрыбульскі затрыманы ў рамках крымінальнай справы. Цяпер ён у Магілёўскай турме.
Пра затрыманне Стрыбульскага ў рамках нейкай крымінальнай справы паведаміла выданню “Позірк” абазнаная крыніца. Паводлі яе, мужчыну затрымалі яшчэ 14 лістапада, ён адсядзеў два адміністрацыйных тэрміны, а з 12 снежня яго затрымалі па крымінальнай справе.
Паводле звестак крыніцы, цяпер Стрыбульскі знаходзіцца ў СІЗА турмы №4 у Магілёве. Яму, імаверна, выстаўленае абвінавачання паводле ч. 1 арт. 3614 КК (вярбоўка, іншае ўцягванне асобы ў экстрэмісцкую дзейнасць, навучанне, а таксама іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
У 2017 годзе Стрыбульскага затрымлівалі ў рамках гучнай справы “Белага легіёну”. Ён быў вызвалены пасля 99 дзён за кратамі. Тады справу закрылі праз адсутнасць складу злачынства.
Мужчына таксама быў затрыманы ўвосені 2021 года, тады ў яго канфіскавалі тэхніку і “пратэстную сімволіку”.
У 2022 годзе, паводле інфармацыі праваабарончага цэнтра “Вясна”, Стрыбульскага затрымалі 23 сакавіка незадоўга да Дня Волі. На наступны дзень пасля затрымання ён быў арыштаваны на 15 сутак. Пасля мужчына распавёў сябрам, што пры затрыманні яго збівалі і фактычна катавалі токам.
Фотаздымак: Радыё Свабода