Веснік

Выхадзец з Магілёва выдаў навагодні нумар украінамоўнай газеты “Вісник”

Выхадзец з Магілёва Юрась Дзегцяроў выдае незалежную газету для ўкраінцаў. Надоечы выйшаў чарговы, гэтым разам пераднавагодні нумар.

“Наш зямляк з Магілёва, які жыве і валанцёрыць ва Украіне, выпускае незалежную газету для ўкраінцаў. У кожным выпуску ён асвятляе важныя падзеі ў Беларусі, што асабліва актуальна ў цяперашняй сітуацыі, калі рэжым Лукашэнкі актыўна падтрымлівае агрэсію супраць Украіны. Газета ў тым ліку рассылаецца ў дзяржаўныя органы і СМІ Украіны” – паведамляе тэлеграм-канал “Празрысты Магілёў”.

Паводле выходных дадзеных, гэтае каляровае выданне з’яўляецца органам ініцыятывы “Цэнтр супрацы беларусаў і ўкраінцаў”. Яе заснавалі беларускія і ўкраінскія актывісты і валанцёры. “Вісник” распаўсюджваецца бясплатна.

У новым 44-45 нумары на 16 старонках, сярод іншага, змешчаны расповяд камандзіра аднаго з падраздзяленняў Беларускага дабраахвотніцкага корпуса, асобных беларускіх дабраахвотнікаў ва Украіне, беларускай актывісткі з Кіева Ірыны Лукашэнка. Ёсць інфармацыя пра палітычны пераслед і рэпрэсіі ў Беларусі, у прыватнасці пра асуджэнне дзвюх магіляўчанак – Марыну Храмцову і Аляксандру Дуброўскую. Таксама апублікаваны звесткі пра гістарычныя падзеі, іншая інфармацыя.

Свежы нумар можна спампаваць тут.

Фотаздымак: “Вісник”