Можна зарэгістраваць асабісты кабінет – так у Клімавічах патлумачылі перавагі ўдзелу ў БРСМ.
У клімавіцкім аграрным каледжы 23 першакурснікі атрымалі новенькія смарт-білеты ад першага сакратара райкама БРСМ Наталлі Судзілоўскай.
Судзілоўская расказала пра «бліскучыя перспектывы», якія дасць пластыкавая картка:
- рэгістрацыя асабістага кабінета з магчымасцю рэдагавання даных, дадання фота і дакументаў;
- сістэма балаў за ўдзел у мерапрыемствах;
- апавяшчэнні пра апошнія навіны і карысную інфармацыю;
- рэгістрацыя на мерапрыемствы праз дадатак у смартфоне;
- інтэграцыя з сацыяльнымі сеткамі;
- рэйтынг актыўнасці карыстальніка.
Навошта ўся гэтая мітусня, сакратар не патлумачыла. Бо і тлумачыць асабліва няма чаго – апісаныя функцыі даступныя кожнаму непартыйнаму карыстальніку любой сацсеткі.
Затое партал CityDog правёў апытанне сярод чальцоў БРСМ і высветліў, што білет арганізацыі не дае зусім нічога – ні розуму, ні сэрцу.
І галоўнае – у секту БРСМ прасцей уступіць, чым выйсці з яе:
- заявы на выхад з арганізацыі не прымаюцца;
- неаплата членскіх узносаў не дапамагае;
- нават з’ехаўшы з Беларусі, усё адно лічышся чальцом БРСМ.
Чым не сапраўдная злачынная групоўка – пакінуць яе можна толькі паводле рашэння «талкавішча».
Дарэчы, для Беларусі тут няма нічога новага – большасць дзяржаўных структур працуе не паводле закона, а паводле крымінальных паняццяў.
Фота раённай газеты.