Прадпрыемства “Белаквабай” з вёскі Вялікая Бароўка пад Магілёвам стала сёмым вытворцам энэргетыкаў у Беларусі. І, магчыма, першым, які дапусціў памылку ў апісанні складнікаў.
Тое, што “Белаквабай”пачаў выпускаць энэргетычныя напоі, заўважыла інтэрнэт-выданне blizko.by. Раней прадпрыемства было вядома вытворчасцю кваса і газаваных напояў. Пакуль у каталогу прадукцыі два гатункі энэргетыкаў – «Nosorog original (Насарог арыгінальны)» і «Nosorog berry charge (Насарог ягадны зарад)». Аб’ём бутэлькі складае 0,5 л. У магазінах-партнёрах вытворцы, а гэта, у прыватнасці, «Санта», «Перекресток», Green, кошт напояў па 2,49 руб.
Як адзначае выданне, магілёўскі энэргетык не можа пахваліцца рэкорднымі паказчыкамі танізавальных кампанентаў. Асноўны – кафеін – змяшчаецца ў аб’ёме 30 мг/100 мл. Гэта тыповы паказчык для многіх энэргетычных напояў. Па Тэхрэгламенце Мытнага саюза ўтрыманне кафеіну не можа перавышаць 40 мг/100 мл.
Асаблівасцю магілёўскіх “Насарогаў” выглядае відавочная памылка на этыкетцы. Так, на бутэльцы значыцца, што ўтрыманне вітаміна В12 – 0,17 мг/100 мл. Між тым змест В12 звычайна вызначаецца не ў міліграмах (мг), а ў мікраграмах (мкг). Так, у папулярнага энергетыка Burn вітаміна В12 – 0,28 мкг/100 мл, у Hell – 0,2 мкг/100 мл, у Dynami:t – 0,17 мкг/100 мл. Заяўленыя 0,17 мг/100 мл у “Насарога” – гэта ў 1000 разоў больш.
Атрымліваецца, што ў магілёўскага энергетыка альбо грубая памылка на ўпакоўцы, альбо ў рэцэптуры, прычым у апошнім выпадку яня патэнцыйна можа стаць прычынай перадазіровак вітамінам В12.
Фотаздымак: belaqua.by