Чавусы карупцыя

Два гады “хатняй хіміі” за карупцыю і крадзеж даюць у Чавускім раёне

Службовыя асобы сельгаспрадпрыемства на Чавушчыне папаліся на ўтойванніі падзяжу жывёлы і крадзяжы фуражу, і атрымалі мяккае пакаранне.

Начальнік участка аднаго з сельгаспрадпрыемстваў мусіў адказваць за захаванасць буйной рагатай жывёлы і ўсё яе змяншэнне і павелічэнне адлюстроўваць у справаздачы. Аднак, калі са студзеня па красавік 2025 года памерла 75 кароў ён вырашыў гэта схаваць. У далейшым правяраючыя выявілі нястачу 16 галоў жывёлы і паведамілі аб гэтым праваахоўнікам. Каб захаваць у таямніцы адсутнасць яшчэ 59 кароў, мужчына звярнуўся да кіраўніка іншага сельгаспрадпрыемства. Той пазычыў яму недастаючую скаціну.

Акрамя гэтых хітрыкаў, у ліпені мінулага года начальнік участка згаварыўся з калегай аб крадзяжы зернесумясі. Гэтае фуражнае зерне на той момант яшчэ не прайшло бухгалтарскі ўлік. Калега знайшла пакупніка на скрадзенае, і на гэты фураж была складзены фіктыўная дакументацыя аб нібыта унутраным перамяшчэнні 6700 кг зернесумесі. Вывезеныя кармы перахапілі аператыўнікі, прычым пры ўзважванні маса скрадзенага склала 7500 кг. Злачынцам налічылі крадзеж на амаль 3000 рублёў.

На працэсе ў судзе Чавускага раёна былы ўжо начальнік участка сваю віну прызнаў і раскаяўся, а падзельніца карупцыянера сваю віну адмаўляла. Абодва атрымалі па два гады “хатняй хіміі”. Толькі яго аштрафавалі на 4500 рублёў, а яе – на 2250. Прысуд пакуль не ўступіў у сілу.

Фотаздымак з адкрытых крыніц