Міжнародны дзень абдымкаў (International Hug Day, з 1986 года).
З абдымкаў пачынаецца жыццё чалавека – бо першае, што робіць маці пасля з’яўлення свайго дзіцяці на свет – абдымае яго і прыкладвае да грудзей. Абдымкі суправаджаюць нас на працягу ўсяго жыццёвага шляху – абдымаюцца закаханыя, муж і жонка, сябры, сваякі. Абдымаюцца, вітаючы адно аднаго, выказваючы свае пачуцці. Абдымкі – сімвал блізкасці і кахання.
Ёсць версія, што ў 1970-я гады нейкі юнак Хуан прыляцеў у Сіднэй. Маладога чалавека ніхто не сустрэў, і гэты факт засмуціў яго. Яму было самотна і сумна. Страціўшы надзею, ён зрабіў плакат “Абдымкі бясплатна” і стаў каля аэрапорта. Аўстралійцы са здзіўленнем спачатку глядзелі на юнака. Але жанчына, якая падышла да яго, сказала, што яна засталася зусім адна і мае патрэбу ў абдымках…
Пра гэтую падзею даведаліся і студэнты, якія выступілі заснавальнікамі новага свята. Так у Аўстраліі зарадзіўся рух абдымкаў. А з 1986 года свята стала адзначацца і ў Амерыцы, потым традыцыя абдымкаў разышлася па свеце.
Увогуле, Дзень абдымкаў адзначаецца 4 разы на год: 21 студзеня, 15 і 22 ліпеня, 4 снежня, але ж дата 21 студзеня – найболей папулярная.
На думку навукоўцаў, штодзённыя абдымкі ад 3 да 7 разоў умацоўваюць імунную сістэму і псіхіку, а больш за 8 разоў – дазваляюць чалавеку здабыць поўнае шчасце.

Дзень інжынерных войск Беларусі.
Чамусьці свята звязваецца з ўтварэннем рускай «Школы пушкарскага прыказа», якую 21 студзеня 1701 года заснаваў Пётр І.
Армія Вялікага Княства Літоўскага і да гэтай даты мела свае інжынерныя войскі і аддзелы. Менавіта пабудова пантоннага маста з вінных бочак дапамагла Канстанціну Астрожскаму пераправіцца цераз Днепр і разграміць маскоўцаў у славутай бітве пад Воршай.
Сёння дыплом беларускага воіна-інжынера можна атрымаць у Ваеннай акадэміі і на ваенна-тэхнічным факультэце БНТУ. Інжынерных частак ва Ўзброеных Сілах краіны досыць багата: 7-ы Торуньскі інжынерны полк у Барысаве, 557-ы полк Заходняга камандавання, 2-я інжынерная брыгада ў Мінску, 189 інжынерны полк у Гродна, 188 інжынерна-сапёрны батальён у Магілёве.

1506 год. Утворана войска Ватыкана – Швейцарская гвардыя. Найстарэйшае войска на планеце.
Утворана па распараджэнні рымскага папы Юлія II. Папа запрасіў на службу палкоўніка П’ера дэ Эрнштайна, які прывёў з сабой полк у паўтары сотні вялізных, светлавалосых, барадатых салдат.
Служба ў гвардыі працягваецца ад двух гадоў. Акрамя прыгожай знешнасці і фізічных даных, суіскальнік павінен мець вышэйшую адукацыю, рост не меней за 174 см, узрост не старэйшы за 25 гадоў, быць чыстакроўным швейцарцам і быць каталіком.
Гвардыя складаецца з 117 гвардзейцаў: 97 алебардыстаў і 7 сяржантаў. Камандуе войскам капітан папскіх гвардзейцаў са сваімі 4 афіцэрамі – дзейнымі афіцэрамі швейцарскай арміі.
Форма швейцарскіх гвардзейцаў вельмі каларытная – шлемы ўпрыгожаны ружовымі плюмажамі, а на камзолах чаргуюцца жоўтыя і сінія палосы. Распрацоўка дызайну формы належыць Мікеланджэла і Рафаэлю.

1775 год. У Маскве пакараны смерцю праз чвартаванне Емяльян Пугачоў.
Данскі казак, кіраўнік сялянскага паўстання 1773-1775 гадоў.
Удзельнік Сямігадовай 1756-1763 і руска-турэцкай 1768-1774 гадоў войнаў. На пачатку 1772 года быў ва ўцёках у старавераў у Ветцы на Гомельшчыне, ёсць непацверджаныя даныя аб знаходжанні і на тэрыторыі Хоцімшчыны.
У верасні 1773 года абвясціў сябе імператарам Пятром III. Выступаў з утапічнай ідэяй «справядлівага» казацка-сялянскага царства. Паказаў вялікія арганізатарскія і ваенныя здольнасці. Пасля паражэння ад урадавых войск схоплены 19 верасня 1774 года.

1818 год. У Мсціслаўскім павеце нарадзіўся Адам Кіркор.
Беларускі гісторык, этнограф, археолаг, публіцыст, выдавец.
Вучыўся у Магілёўскай, Віленскай гімназіях.
Выдаваў альманахі «Radegast», «Pamiętnik umysłowy», «Teka Wileńska», «Na dziś» i «Teka Krakowska», газеты «Kurier Wileński», пецярбургскую «Новое время» (1868-1871), рэдагаваў “Памятные книжки Виленской губернии”, навуковыя і мастацкія кнігі ва ўласнай віленскай друкарні.
Праводзіў археалагічныя раскопкі ў Беларусі і Літве, даследаваў каля 1 000 курганоў. Аўтар 3 тома «Маляўнічая Расія» («Літоўскае Палессе» і «Беларускае Палессе», 1882).
Член Віленскай археалагічнай камісіі, кіраўнік Віленскага музея старажытнасцяў, член-карэспандэнт Імператарскага археалагічнага таварыства, член Рускага геаграфічнага таварыства.
У 1863 годзе прыцягваўся да следства ў сувязі з удзелам у паўстанні яго жонкі А. Маеўскай, на варшаўскай кватэры якой хаваўся кіраўнік паўстанцкага ўрада Р. Траўгут.
Памёр 23 лістапада 1886 года.

1924 год. Памёр Уладзімір Ульянаў (Ленін).
Расійскі камуністычны тэарэтык, арганізатар і кіраўнік Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Расіі, першы кіраўнік Савецкай дзяржавы.
Нягледзячы на тое, што Ленін ніяк не звязаны з Беларуссю, што беларускія дзеці амаль нічога не ведаюць пра яго, і па сёння назвы Ленінская, Леніна, Уллянаўская, Ільіч, Ільічоўка пануюць у тапаніміцы гарадоў і вёсак краіны, яго імя прысутнічае ў назвах буйных прадпрыемстваў і навучальных устаноў, у назвах гарадскіх раёнаў Мінска, Бабруйска, Брэста, Гродна, Магілёва, практычна ва ўсіх больш ці менш буйных пасяленнях стаяць помнікі ў яго гонар – іх 240 на Беларусі.
Цікава, што самы першы помнік Леніну, драўляны, яшчэ пры жыцці “правадыра”, у 1922 годзе быў устаноўлены ў сённяшнім райцэнтры – у Краснополлі.
А пад Іванава Брэсцкай вобласці захавалася лесанасаджэнне ў выглядзе слова ЛЕНІН – са 150 000 дрэў.

1928 год. У в. Антонаўка Чавускага раёна нарадзіўся Іван Аношкін.
Беларускі пісьменнік
Скончыў гістарычны факультэт Магілеўскага педінстытута. Працаваў ў газетах Бранскай, Брэсцкай абласцей, у чэрыкаўскай раёнцы «Сацыялістычная перамога», у абласной «Магілёўская праўда».
Аўтар 3 зборнікаў апавяданняў і гумарэсак, 5 аповесцей і апавяданняў, кніг для дзяцей «Навічок», «Алёнчын сакрэт», «Антонаў ясень».
Памёр 3 лютага 2013 года ў Магілёве.

1943 год. Памёр ураджэнец в. Кульшыцы (зараз – Слаўгарадскі раён) Ісак Сербаў.
Беларускі этнограф, фалькларыст, адзін з заснавальнікаў сучаснай беларускай археалогіі, краязнавец, фатограф, Правадзейны член геаграфічнага таварыства і Інстытута беларускай культуры.
У Кульшыцах існавала традыцыя даваць беларускім немаўлятам біблейскія імёны.
Настаўнічаў у шматлікіх месцах, уключаючы Вільню, Мінск, Хоцімск.
У 1910-1913 гадах арганізаваў этнаграфічную экспедыцыю геаграфічнага таварыства па вывучэнню творчасці і матэрыяльнай культуры беларусаў. Узначальваў работы па збору і ахове помнікаў, кафедру этнаграфіі БДУ.
Сабраў багатыя калекцыі народнага аддзення, мастацтва, на падставе якіх быў выдадзены альбом “Беларускае народнае мастацтва” (1951).
Першым ў краіне сабраў вялізную фотатэку з фіксаваннем тыпаў адзення на Палессі, жытла, гаспадарчых пабудоў, рамесных вырабаў.
