Старшыня Магілёўскага гарвыканкама Сяргей Чарткоў распісаўся ў няведанні, што рабіць з вартым жалю паркам каля Святога возера.
29 студзеня 2026 года прайшла сустрэча старшыні Магілёўскага гарвыканкама Магілёва Сяргея Чарткова з моладдзю з прамысловай сферы. Месцам сустрэчы быў абраны Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці.
Пасля таго, як Чаткоў пахваліўся тым, што ў Магілёве ў 2025 годзе, у прыватнасці, адрамантавалі амаль 300 тыс.м2 дарог і актыўна будуецца ўнутрыгарадская кальцавая дарога, ён паабяцаў, што сёлета адкрыецца новы падземны пераход, працягнецца масштабная змена аблічча Ленінскай вуліцы, а Святое возера ўжо амаль гатова стаць сучаснай зонай адпачынку.
Далей ад прысутных былі зададзеныя пытанні. Адно з якіх датычылася т.зв. парка 60-годдзя Вялікага Кастрычніка, ці, гаворачы нармальнай мовай – парка каля таго самага Святога возера. “Якія перспектывы ў парка 60-годдзя Кастрычніка?” – прагучала пытанне з залі.
Уцямнага адказу на такое пытанне Чарткоў не даў. “Перспектывы ёсць, але… рашаць будзеце вы!” – прызнаўшы уласную няздольнасць знайсці нейкае рашэнне па тэме парка, пачаў адказваць граданачальнік. “Давайце абвесцім конкурс ідэй – як магілёўцы бачаць гэта месца. Так што пачынайце фантазіраваць і прапаноўваць!” – пераклаў свае абавязкі лукашэнкаўскі прызначэнец на магілёўскае насельніцтва.
Праблемы парку пачаліся не ўчора. Закладзены ў 70-х гадах мінулага века як своеасаблівы прыродны шчыт супраць хімвалакноўскага забруджвання, ён ніколі не выконваў гэтую ролю. Бязглуздыя савецкія азеляніцелі пачалі саджаць дрэвы на былым тарфяніку, прысыпаным пясчанай глебай. У выніку за амаль 50 гадоў ніякіх магутных дубой-асілкаў ці высачэзных бяроз там не вырасла. Кволыя дрэвы сохнуць і на іх месцы праўладныя імітатары бурлівай дзейнасці ўторкваюць новыя саджанцы, якіх чакае такі ж самы лёс. Уласна ж парк пакрысе пачынае забудоўвацца – спачатку там з’явілася Магілёўская дзіцячая школа мастацтваў №3, потым касцёл Святога Антонія.
Магчыма, парк каля Святога возера, які за амаль паўстагоддзя па-сапраўднаму так і не стаў паркам, у рэшце рэшт будзе па-просту забудаваны. А ўсё з-за таго, што фантазіі адносна яго перспектыў ў магілёўскай улады ніякіх няма.
Фотаздымак: ТГ “Магілёў – мой горад”