Бабруйск

У Бабруйску мясцовыя ўлады абыякава паставіліся да людзей з інваліднасцю

Толькі відэа ў TikTok дапамагло сям’і людзей з інваліднасцю звярнуць увагу на немагчымасць патрапіць у будынак адміністрацыі Першамайскага раёна.

Пандус не для інвалідаў-вазочнікаў

Жыхарка Бабруйска з інваліднасцю заявіла пра недаступнасць будынка адміністрацыі Першамайскага раёна для людзей, якія перамяшчаюцца на інвалідных калясках. Паводле яе, раніцай яна разам з мужам, які таксама карыстаецца каляскай, не змагла трапіць у будынак з-за нерасчышчанага ад снегу пандуса.

Як распавяла жанчына, яшчэ на мінулым тыдні яна загадзя замовіла сацыяльнае таксі, каб у пэўны час прыехаць у администрацыю раёна і падаць заяву на атрыманне адраснай сацыяльнай дапамогі. Разгляд заявы быў прызначаны на вызначаны дзень пасля 12-й гадзіны.

Аднак, калі сужонцы прыбылі да будынка адміністрацыі, высветлілася, што пандус цалкам завалены снегам. Па ім была толькі вузкая каляіна, непрыдатная для праезду інваліднай каляскі. Пры гэтым прыступкі для пешаходаў былі старанна ачышчаныя.

Жанчына папрасіла кіроўцу сацыяльнага таксі падняцца ў будынак і папрасіць супрацоўнікаў выйсці да машыны, каб прыняць заяву на месцы. Але кіроўца некалькі разоў накіроўвалі з кабінета ў кабінет, а ў адным з іх папрасілі «не перашкаджаць працаваць».

Пазней з жанчынай звязалася супрацоўніца адміністрацыі і паведаміла, што да машыны выйдзе спецыяліст «аднаго акна». Аднак замест прыёму дакументаў сужэнцам прапанавалі толькі запісаць іх прозвішчы і прыехаць іншым разам – ужо пасля таго, як пандус будзе расчышчаны. Жанчына падкрэсліла, што яна прыехала не на ўласным транспарце, а на сацыяльным таксі, заказаным на канкрэтны час, і арганізаваць паўторны візіт для яе надзвычай складана.

Пасля гэтага, як сцвярджае бабруйчанка, да пандуса выйшаў дворнік і пачаў яго расчышчаць. Сітуацыю патлумачылі тым, што напярэдадні быў выходны дзень. Аднак жанчына адзначыла, што снег ляжаў там не менш за тыдзень і не выпадаў ні ў суботу, ні ў нядзелю.

Нечышчаны “твар горада”

Асаблівае абурэнне ў жанчыны выклікала адмова супрацоўнікаў прыняць дакументы па-за будынкам. Яна задаецца пытаннем, як ёй дзейнічаць у будучыні, калі разгляд заяў адбываецца толькі раз на тыдзень, а падобныя ўмовы надвор’я могуць паўтарацца.

У сваім звароце жанчына нагадала, што будынак адміністрацыі з’яўляецца сацыяльна значным аб’ектам і фактычна «тварам горада». Яна таксама звярнула ўвагу на відавочны кантраст паміж цалкам расчыстымі прыступкамі і нерасчышчаным пандусам.

Пазней у TikTok з’явілася другое відэа. У ім бабруйчанка паведаміла, што каля 11-й гадзіны ёй ператэлефанавалі з адміністрацыі і сказалі, што пандус ужо расчысцілі і можна прыязджаць. На пытанне, якім чынам яна цяпер павінна дабрацца да райвыканкама, ёй адказалі, што трэба было папярэдзіць загадзя.

«Адміністрацыя Першамайскага раёна, скажыце, калі ласка, гэта ад мяне залежыць уборка вашай тэрыторыі? Па маім званку ў вас пачынаюць працаваць людзі? Ні ЖКГ не бачыць, ні старшыні, ніхто не бачыць? Гэта ўжо звышнахабства — перавярнуць сітуацыю і зрабіць нас вінаватымі, бо мы не патэлефанавалі і не папярэдзілі. Вам не здаецца гэта абсурдам?» – эмацыйна заявіла жанчына.

TikTok як сродак вырашэння праблем

Яшчэ праз некалькі гадзін у TikTok з’явілася новае відэа. У ім жанчына паведаміла, што супрацоўнікі райвыканкама ўсё ж такі прыехалі да яе дадому і прынялі заяву на месцы.

Паводле яе, супрацоўнікі прапанавалі ў далейшым загадзя тэлефанаваць і папярэджваць пра візіт, каб «не раздуваць праблему». Аднак жанчына адмовілася ад такой практыкі, падкрэсліўшы, што пандусы павінны быць чыстымі па змаўчанні, без дадатковых просьб.

«Я таксама папярэдзіла, што відэа выдаляць не буду. Калі яно дойдзе да вышэйстаячых – значыць, так і павінна быць. Няхай будзе на кантролі. Спадзяюся, надалей пандусы будуць чыстыя», – спадзяецца бабруйчанка.

Скрыншот TikTok lyoliki_eva