Іван Кубракоў

Іван Кубракоў з’ездзіў у родныя мясціны

Кіраўнік МУС з рабочай паездкай наведаў Краснапольскі і Касцюковіцкі раёны.

Міністр унутраных спраў Іван Кубракоў у ходзе рабочай паездкі наведаў Магілёўскую вобласць, дзе правёў нараду ў Краснапольскім РАУС і прыняў удзел ва ўрачыстым мерапрыемстве ў Касцюковічах.

Высветлілася, што ў Краснаполлі падраздзяленні па грамадзянстве і міграцыі і дзяржаўтаінспекцыя размяшчаюцца ў арандаваным будынку, які не адпавядае сучасным патрабаванням.

Міністр разгледзеў варыянты рэканструкцыі будынкаў, даў даручэнні па іх дапрацоўцы і прыняў супрацоўнікаў райаддзела.

У Касцюковічах было значна весялей. Там Кубракоў удзельнічаў ва ўрачыстым падвядзенні вынікаў штогадовага спаборніцтва перадавікоў і адстаючых.

Будучы ўраджэнцам, а цяпер ужо і ганаровым грамадзянінам Касцюковіцкага раёна, Іван Уладзіміравіч змог пераканацца ў тым, што з часоў яго дзяцінства ў вёсцы Малінаўка сур’ёзных зменаў у раёне не адбылося.

Самыя адсталыя рэгіёны, хоць і далі краіне цэлага міністра, у плане прагрэсу засталіся на тым жа ўзроўні, што і ў ліхія 70-я.

Магчыма, таму Кубракоў прыняў рашэнне дапамагчы калгасу «Сялецкае», размешчанаму ў двух дзясятках кіламетраў ад роднай Малінаўкі. 

Падначаленыя міністра акажуць аграрыям фінансавую і матэрыяльна-тэхнічную дапамогу, а заадно паглядзяць, ці ўсё добра ў калгасе з арганізацыйнымі напрамкамі.

Фота «Магілёўскія ведамасці».

← Усе навіны Магілёва