У кіраўніка магілёўскіх “дэпутатаў” Гарошкіна 48 гектараў аптымізму

У Магілёўскай вобласці зноў усё расце. Прынамсі ў дакладах. Пракуратура прытрымліваецца іншага меркавання.

На чарговай, аж дваццаць першай сесіі магілёўскага абласнога “савета дэпутатаў” ужо дваццаць дзявятага склікання старшыня Аляксандр Гарошкін надаў асаблівае месца ў сваім справаздачным выступленні вынікам года добраўпарадкавання. Лічбы прагучалі ўражліва.

У вобласці высаджана:

  • 65 тысяч дрэў;
  • 86 тысяч кустоў;
  • 3,7 мільёна кветак;
  • амаль 48 гектараў новых газонаў.

Слухаючы гэта, хочацца не правяраць, а верыць. Бо 48 гектараў – гэта ўжо не клумба ля пад’езда, гэта амаль батанічны прарыў. Амаль невялікі нацыянальны парк.

Але па лукашэнкаўскай традыцыі пасля натхняльных лічбаў звычайна ідзе другі акт – проза жыцця.

Нагадаем, чым скончылася хваля зялёнага энтузіязму-2025 у абласным цэнтры паводле меркавання пракуратуры.

На кальцы вуліц Каштанавай і Крупскай па дакументах павінна была расці густая жывая агароджа з бірючыны – больш за 200 кустоў. Пракуратура разам са спецыялістамі абышла ўсё кальцо. Ніводнага куста. Калі камунальнікаў папрасілі паказаць, дзе менавіта гэта агароджа, паказваць аказалася няма чаго. Бірючына існавала выключна ў справаздачнасці.

На праспекце Шміта за два гады «высадзілі» 600 дрэў. У гэтай пасадцы ўдзельнічала паплечніца Гарашкіна – сенатар і галоўны рэдактар інфармагенцтва “Магілёўскія ведамасці” Ірына Пятрусевіч. Яна там пазіравала з лапатай. Пракурорская ж праверка паказала: калі што і вырасла, то толькі пустазелле вышэй чалавечага росту. Дрэвы – не.

Ля дома № 8 па вуліцы Крывуліна нібыта пасадзілі 79 туй. Знайшлі дзесяць. Астатнія, верагодна, пайшлі ў тую ж зялёную зону, што і бірючына.

Усё гэта прыпіскі толькі «Магілёўзелянбуду». А колькі іх было ў вобласці?

Адказ просты: гектары хлусні і цэнтнеры прыпісак.

 

Фота “Магілёскія ведамасці”.

← Усе навіны Магілёва