У Магілёўскай вобласці выстаўлена на аўкцыён сенажная траншэя – пакупнікі могуць убачыць тавар паблізу вёскі Слабодка Дрыбінскага раёна.
На Дрыбіншчыне прадаюць аб’ект нерухомасці, які цяжка пераблытаць з чымсьці іншым: гэта сенажная траншэя плошчай 1052 квадратныя метры каля вёскі Слабодка. Траншэя спісана за даўгі ў ААТ «Трылесіна-Агра» – відаць, прадпрыемства ўжо не мае патрэбы ў сенажы.
Пачатковая цана – 19 900 рублёў, задатак – 1 990 рублёў.
У апісанні асобна ўдакладняецца дэталь, якая дадае аб’екту шарму: капітальнае збудаванне не зарэгістравана ў рэестры нерухомасці. Гэта значыць, юрыдычна траншэя амаль філасофская катэгорыя – яна нібыта ёсць, а нібы і няма.
Таргі пройдуць 24 сакавіка. Удзельнікам рэкамендуюць загадзя агледзець аб’ект – у траншэі могуць быць свае пікантныя асаблівасці.
Пры ўсім гэтым дрыбінская раённая газета паведамляе пра ААТ «Трылесіна-Агра», што “вынік працы, які дэманструюць жывёлаводы – стабільны. Малако рэалізуюць гатункам «Экстра». Калектыў ставіць перад сабой задачу прырасці і па валу, не апускаць планку па якасці малака, вырабляючы прадукцыю толькі высокай якасці”.
Тут ужо сапраўды сенажная траншэя становіцца лішнім баластам.
Фота БелЮрЗабеспячэнне.
