Сума

Беларус з гвінейскімі каранямі стаў найлепшым магілёўскім дворнікам

Працаўнік ЖЭУ-7 у мікрараёне Юбілейны Ісмаіл Сума прызнаны самым лепшым двонікам у Магілёве.

У Магілёве вызначылі найлепшага дворніка 2025 года. Ім стаў Ісмаіл Сума, працаўнік ЖЭУ №7 Ленінскага раёна, паведамляе тэлеканал СТБ. Чалавек, якога мясцовыя жыхары жартам называюць «Будзільнікам» за яго раннія выхады на працу і «Смайлікам» за нязменную ўсмешку, даказаў: нават у самай цяжкай штодзённай працы ёсць месца пазітыву і прафесіяналізму.

У зона адказнасці Ісмаіла ўваходзяць прыдамавыя тэрыторыі часткі мікрараёна Юбілейны, а таксама праца ў брыгадзе. Яго дзень пачынаецца з уборкі двароў і заканчваецца барацьбой з наступствамі надвор’я: ад апалага лісця да снегу і лёду.

«Гэта на самай справе вельмі цяжка. Лісце, снег, усё трэба прыбіраць. Лёд адбіваць, лісце грузіць. Пасля дажджоў яно мокрае, цяжкое» – расказвае ён.

Ісмаіл Сума – беларус з гвінейскімі каранямі. Ён прызнаецца, што шчыра любіць краіну, у якой жыве: «Я вельмі люблю Беларусь, таму што яна чыстая, прыгожая, тут шмат буслоў».

Жыхары адзначаюць, што з яго з’яўленнем у дварах стала значна чысцей. «Мы бачым, што ён найлепшы работнік. Усё робіць акуратна, чыста. Яму б начальнікам стаць» – дзеляцца меркаваннем мясцовыя.

Сам Ісмаіл не спыняецца на дасягнутым. Зараз ён павышае кваліфікацыю, каб стаць рабочым па комплексным абслугоўванні дамоў. Гэта будзе крокам да больш высокага заробку і магчымасці здзейсніць сваю мару пра падарожжы.

Пры гэтым ён не хавае: праца ў сферы ЖКГ няпростая і заўсёды навідавоку, таму крытыкі і скаргаў не пазбегнуць. Часам здаецца, што намаганні застаюцца незаўважанымі. Але прызнанне ўсё ж прыходзіць.

Нечаканы званок стаў для Ісмаіла сапраўдным сюрпрызам: яго ўзнагародзілі і занясуць на Дошку гонару. «Буду ў цэнтральным ЖЭУ вісець» – кажа ён, не стрымліваючы эмоцый. На пытанне, чаму на вачах слёзы, адказвае: «Ад шчасця. Не чакаў».

Скрыншот СТБ

← Усе навіны Магілёва