У Магілёве прайшоў агульнагарадскі суботнік – мерапрыемства, дзе гараджанам традыцыйна прапануюць адчуць сябе «гаспадарамі горада», заадно выканаўшы частку працы камунальных службаў.
Мяркуючы па афіцыйных каментарыях, галоўнай задачай было не толькі навесці парадак, але і правільна зафіксаваць настрой.
Суботнік стаў першым этапам месячніка па добраўпарадкаванні, які працягнецца да 18 красавіка.
Паводле афіцыйных дадзеных, 21 сакавіка на ўборку выйшлі больш за 20 тысяч чалавек і звыш 130 адзінак тэхнікі. Асноўныя работы разгарнуліся ў трох пунктах: парку Горкага, парку 60-годдзя Кастрычніка і на схіле па вуліцы Якубоўскага.
Там удзельнікі займаліся тым, што звычайна ўваходзіць у сферу адказнасці камунальных службаў.
Асаблівая ўвага ў справаздачах нададзена эмоцыям. “Мэр” Сяргей Чарткоў падкрэсліў, што жыхары «актыўна адгукнуліся» і атрымліваюць ад таго, што адбываецца, «пазітыў, добры настрой і энергію».
Тэму добраахвотнасці і задавальнення падтрымала і старшыня гарадскога савета “дэпутатаў” Святлана Сташэўская.
Не абышлося і без гісторый актыўных актывістаў «знізу». Адна з удзельніц суботніка расказала, што працуе з усмешкай, бо «патрыёт сваёй краіны» і рада прыносіць карысць. У падобных каментарыях звычайна не ўдакладняецца, ці быў у ўдзельнікаў выбар правесці гэты дзень інакш.
Суботнікі ў Беларусі застаюцца ўстойлівай практыкай, у якой спалучаюцца элементы адміністрацыйнай мабілізацыі і абавязковай публічнай справаздачнасці. Пры гэтым ключавым вынікам такіх мерапрыемстваў становіцца не толькі ўборка тэрыторый, але і дэманстрацыя ўцягнутасці грамадзян.
Наступны агульнагарадскі суботнік прызначаны на 4 красавіка. У гараджан будзе яшчэ адна магчымасць унесці «асабісты ўклад» і адчуць радасць. Яе ж, як вядома, толькі раз прадэманструй – і ўжо не спыніш.
Фота “Беларусь Сегодня”.
