Улады Магілёўскай вобласці разлічваюць амаль удвая павялічыць экспарт турыстычных паслуг. Аднак у цяперашніх умовах відавочна, што асноўную дынаміку забяспечваюць самі беларусы і замежнікі-расіяне.
Перад Магілёўшчынай у бягучай пяцігодцы пастаўлена задача развіваць турыстычную інфраструктуру і павышаць якасць сэрвісу. Пра гэта заявіў старшыня аблвыканкама Анатоль Ісачанка.
Паводле яго слоў, у вобласці плануюць рэалізаваць дзясяткі праектаў, звязаных з будаўніцтвам новых аб’ектаў і развіццём ужо існуючых пляцовак.
Сярод ключавых турыстычных кропак рэгіёна Ісачанка назваў:
- Падміколле і драмтэатр у Магілёве;
- Бабруйскую крэпасць і сінагогу ў Бабруйску;
- Блакітную крыніцу ў Слаўгарадзе;
- Замкавую гару ў Мсціслаўлі;
- Трафімаву крыніцу ў Шклове;
- Музей Славы Магілёўшчыны;
- палацава-паркавы ансамбль у Жылічах.
Быхаўскі замак і касцёл у Княжыцах ужо выпалі з кола інтарэсаў “губернатара”. Гэта цалкам зразумела. Першы ўсё часцей фігуруе як сімвал зацягнутай гісторыі з аднаўленнем і разбурэннем спадчыны, другі як аб’ект, на кансервацыю якога ўжо збіраюць сродкі ўсім светам і, як паказвае досвед, ніколі не збяруць.
Ісачанка аперуе статыстыкай, якая дэманструе рост тургаліны за пяцігодку:
- валютная выручка ад замежных турыстаў вырасла ў 2,7 разы;
- загрузка гасцініц павялічылася на 10 працэнтных пунктаў;
- колькасць арганізаваных турыстаў вырасла ў 2,5 разы;
- сярэдняя працягласць знаходжання павялічылася амаль удвая;
- экспарт турыстычных паслуг у 2025 годзе склаў каля 7,5 мільёнаў долараў.
Аднак на фоне санкцый і абмежаванай знешняй мабільнасці лагічна меркаваць, што значную частку гэтага росту забяспечваюць унутраныя паездкі, арганізаваныя ўладамі, і “замежнікі” з Расіі.
Асаблівае замілаванне выклікае згадка Анатоля Ісачанкі пра Трафімаву крыніцу ў Шклоўскім раёне як пра турыстычны аб’ект і параўнанне яе з буйнымі гісторыка-архітэктурнымі аб’ектамі кшталту замкаў ці касцёлаў.
Магчыма, што пасля наведвання Лукашэнкам у Пхеньяне Кымсусанскага палаца Сонца так і будзе. Памяць продкаў – рэч сур’ёзная.
Фота з адкрытых крыніц.
