У Клічаве на фоне падрыхтоўкі да вайны адкрылі “Школу міру”

Клічаўскую школу №1 абвясцілі “Школай міру” ў атмасферы мілітарысцкага ўгару і на фоне размяшчэння расейскай вайсковай інфраструктуры.

“Ніякага мірнага часу быць не можа. Мы рыхтуемся да вайны” – заявіў 1 красавіка 2026 года Аляксандр Лукашэнка. У прынцыпе, пра гэта ён мог і не казаць, паколькі і так бачна, што Беларусь увайшла ў перыяд падрыхтоўкі да вайны, улічваючы разгортванне пад Асіповічамі і Крычавам расійскай вайсковай інфраструктуры. А калі ўспомніць, што з тэрыторыі Беларусі, насуперак Канстытуцыі, ва Украіну ўрываліся расійскія войскі, то афіцыйны Мінск ужо даўно на расійска-ўкраінскай вайне. Менавіта таму Беларусь справядліва называецца краінай-суагрэсарам.

І вось на фоне такой рэальнасці, у Клічаве ў лепшых традыцыях савецкага ашуканства і хлусні адкрываюць так званую “Школу міру”. Дакладней, такі статус быў прысвоены мясцовай школе №1.

“Многія дзесяцігоддзі наш народ рабіў усё, каб ствараць, развіваць родную краіну, рабіць яе прыгажэйшай і багацейшай. І ў такіх умовах свет як унутры Беларусі, так і вакол яе для нас асабліва каштоўны. Таму мы робім усё, каб падтрымліваць сяброўскія адносіны з усімі суседзямі, хоць не ўсе яны падзяляюць наша імкненне. У любым выпадку, наш народ будзе працягваць імкнуцца да міру, і стварэнне падобных школ пад эгідай Беларускага Фонду міру служыць сімвалам нашых імкненняў”, – заявіла на ўрачыстай лінейцы перад дзецьмі старшыня Клічаўскага раённага Савета дэпутатаў Наталля Грашылава.

Паколькі ў Беларусі няма абраных дэпутатаў, а ёсць толькі прызначэнцы, зацверджаныя ў выканаўчай уладзе, то прылюдна і голасна хлусіць гэтую дамачку вучыць не трэба. Сама каго хочаш навучыць. Менавіта такі ўрок хлусні і цынізму адбыўся 2 красавіка ў Клічаўскай школе №1. Застаецца спадзявацца, што вынік яго будзе, як і ў падобных урокаў у познесавецкі час, калі на фоне размоў пра мір у школах, адпраўлялі маладых хлопцаў на бессэнсоўную вайну ў Афганістан аддаваць прыдуманы ўладамі “інтэрнацыянальны доўг”.

“Па ўсёй краіне створана ўсяго 300 падобных школ і дзве з іх зараз афіцыйна знаходзяцца ў нашым раёне, першай такой была Дзмітрыеўская сярэдняя школа. 10 навучэнцаў школы ўступілі ў шэрагі міратворцаў” – паведамляе клічаўская раёнка.

Фотаздымак: ТГ “Кличев TODAY”

← Усе навіны Магілёва