Сайт Польскага агенцтва друку цяпер лічыцца “экстрэмісцкім матэрыялам” у Беларусі. Такое рашэнне прыняў суд Горацкага раёна.
Паводле суддзяў у Горках, “экстрэмісцкай” стала інфармацыйная прадукцыя інтэрнэт-рэсурсу з назвай “POLSKA AGENCJA PRASOWA”, які мае ідэнтыфікатар https://www.pap.pl. Рашэнне аб гэтым было прынята 28 ліпеня 2026 года.
PAP з’яўляецца найбуйнейшым інфармагенцтвам Польшчы, якое працуе ўжо больш за сто гадоў. Больш за тое, будучы публічным агенцтвам, яно абавязана ў тым ліку распаўсюджваць пазіцыі Сейма, Сената, урада, прэзідэнта і іншых дзяржорганаў па важных пытаннях.
Інфармацыю PAP часта выкарыстоўваюць не толькі польскія і сусветныя медыя, але нават лукашэнкаўскія прапагандысты. Так, на сайце Дзяржаўнага агенцтва БЕЛТА можна знайсці мноства паведамленняў са спасылкай на PAP, у тым ліку распаўсюджаных апошнім часам.
Горацкі райсуд адназначна прыцягнуў да сябе ўвагу ў Польшчы такім дзікунскім рашэннем. “Рашэнне беларускага суда разглядаецца як спроба абмежаваць доступ да дакладнай і незалежнай інфармацыі. Польскае інфармацыйнае агенцтва працягне асвятляць падзеі ў Беларусі ў адпаведнасці са стандартамі прафесійнай журналістыкі. Гэта рашэнне не зменіць нашы правілы або тое, як мы працуем. Мы з асаблівай адказнасцю падыходзім да бяспекі нашых крыніц і атрымальнікаў у Беларусі” – заявіў генеральны дырэктар PAP Марэк Блоньскі.
Фотаздымак: Lukas Plewnia, CC BY-SA 2.0 / Wikimedia Commons, polen-heute.de
