Магілёўскі гарвыканкам вынес на грамадскае абмеркаванне праект рэканструкцыі кінатэатра «Чырвоная зорка». Заўвагі і прапановы прымаюцца з 29 ліпеня па 29 жніўня. Самі работы запланаваныя на 2027 год.
Галоўнае змяненне – планіроўка. Замест адной вялікай залы ў будынку будзе чатыры, а да іх дададуцца новыя памяшканні:
- зала на 200 месцаў;
- зала на 60 месцаў;
- дзве малыя залы па 30 месцаў;
- караоке-прастора на 12 чалавек, VIP-пакой і фудкорт.
Абновяць і тэхніку. У залах усталююць лазерныя 4K-праектары і LED-экраны, а таксама столевую музычна-інфармацыйную сістэму. Касы ў вестыбюлі зробяць адкрытымі.
Па экалагічнай частцы ў праекце сказана, што ўздзеянне на навакольнае асяроддзе будзе мінімальным. Шкодных вытворчасцей тут не з’явіцца, чырванакніжных жывёл і раслін на пляцоўцы няма. Частку дрэў давядзецца высекчы, але ўзамен абяцаюць высадзіць новыя і кампенсаваць усе страты.
«Чырвоная зорка» – найстарэйшы кінатэатр Магілёва. Будынак пабудавалі ў 1930 годзе паводле праекта інжынера Э. Лосера ў стылі канструктывізму на месцы дарэвалюцыйнага кінатэатра «Чары», адкрытага ў 1909 годзе. Урачыстае адкрыццё адбылося 24 снежня 1930 года, гледачам паказалі гукавую праграму «Пераварот».
Кінатэатр унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі, а апошняе буйное абнаўленне будынка адбылося ў 2005 годзе.
Гледачоў «Зорка» не прымае з 9 мая. Спачатку супрацоўнікі спасылаліся на тэхнічныя прычыны, пасля «Кінавідэапракат» пацвердзіў, што ідзе падрыхтоўка да рэканструкцыі. Так што ў гараджан ёсць месяц, каб сказаць пра будучыню будынка тое, што яны пра яго думаюць.
Фота «МагілёўАнлайн».
