Патроны для агнястрэльнай зброі нелегальна прывёз з Расіі жыхар Клімавіцкага раёна, які займаўся браканьерствам.
Справа пра незаконную рыбалку ў Клімавіцкім раёне нечакана перарасла ў абвінавачанне адразу па трох крымінальных артыкулах. Падчас ператрусу ў аднаго з падазраваных знайшлі больш за паўсотні патронаў, якія, як высветлілася, ён прывёз з Расіі.
Паводле матэрыялаў следства, 47-гадовы жыхар аднаго з аграгарадкоў разам са знаёмым паставіў у вадаёме сеткі. Іх здабычай сталі амаль чатыры дзясяткі рыб – сярод іх срэбныя і залатыя карасі, а таксама ліні. Аднак мужчыны трапілі ў поле зроку супрацоўнікаў інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету, пасля чаго супраць іх распачалі крымінальную справу.
Падчас агляду дома аднаго з фігурантаў супрацоўнікі міліцыі і інспекцыі знайшлі больш за пяцьдзясят патронаў. Боепрыпасы накіравалі на балістычную экспертызу ў Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз па Магілёўскай вобласці. Эксперты прыйшлі да высновы, што гэта прыдатныя для стральбы малакаліберныя патроны калібру 5,6×16R прызначаны для наразной спартыўнай і паляўнічай агнястрэльнай зброі.
Сам мужчына не стаў адмаўляць, што патроны належалі яму. Ён прызнаўся, што знайшоў іх у доме свайго знаёмага ў Смаленскай вобласці. Замест таго каб паведаміць пра знаходку або пакінуць яе на месцы, забраў патроны з сабой і перавёз праз беларускую мяжу.
Менавіта гэтая акалічнасць дадала да справы яшчэ два крымінальныя артыкулы – за незаконнае захоўванне боепрыпасаў і іх незаконнае перамяшчэнне праз дзяржаўную мяжу Беларусі.
Цяпер матэрыялы следства перададзены ў суд Клімавіцкага раёна.
Фотаздымак: sudexpert.gov.by
