Пакуль пра Асіповічы разважаюць у сувязі з размешчанымі там расійскімі ракетнымі комплексамі, звычайнае жыццё ў горадзе ідзе сваёй чарадой.
Трыццацішасцігадовы мужчына ўвесь вечар піў дома з прыяцелем. Калі бутэлька апусцела, пара паехала па дабаўку – на электрасамакаце, каб хутчэй. У краме ўзялі спіртное і закуску, на зваротным шляху мужчына заўважыў хлопцаў на лаўцы і паспрабаваў завязаць размову. У размове яму ветліва адмовілі.
Далей, калі верыць міліцэйскай зводцы, п’янаму мужчыну здалося, што хлопцы збіраюцца напасці і адабраць самакат. Ён размахнуўся і ўдарыў аднаго з іх па галаве бутэлькай – той самай, якую толькі што купіў. Затрымалі гаваркога задзіру проста на месцы, цяпер мужчыне пагражае крымінальная адказнасць за хуліганства.
Фота «МагілёўАнлайн».
