Горацкі суд абазначыў сябе як ледзве не асноўны змагар з замежнымі СМІ і прызнаў “экстрэмісцкім” сайт тэлеканала Euronews.
Нагадаем, што напрыканцы ліпеня 2026 года Горацкі райсуд прызнаў “экстрэмісцкім” сайт найбуйнейшага польскага інфармагенцтва – Польскага агенцтва друку (РАР).
“Лёсавызначальная” для Euronews падзея адбылася 4 жніўня 2026 года. Тады ў Горках рашэннем раённага суда сайт https://www.euronews.com еўрапейскай тэлекампаніі прызналі “экстрэмісцкім”. На падставе гэтага партал цяпер запісаны ў “Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў”, што вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі.
Згодна афіцыйнай інфармацыі Euronews, гэта міжнародны тэлеканал навін, створаны ў Еўропе ў 1993 годзе. Яго заснавалі еўрапейскія грамадскія вяшчальнікі як агульнаеўрапейскі аналаг CNN з акцэнтам на навіны Еўропы і міжнародны парадак дня. Штаб-кватэра першапачаткова знаходзілася ў Ліёне (Францыя).
Канал вядомы шматмоўнай мадэллю. Рэдакцыйная канцэпцыя будуецца вакол “еўрапейскага погляду” на сусветныя падзеі.
Euronews вяшчаў у Беларусі з пачатку 2000-х гадоў да 12 красавіка 2021 года. Была даступная перш за ўсё рускамоўная версія, якую рэтранслявалі кабельныя аператары, у тым ліку дзяржаўны Белтэлекам.
12 красавіка 2021 года Міністэрства інфармацыі выключыла Euronews са спісу замежных СМІ, якім дазволена вяшчанне, рэтрансляцыя была спыненая. Улады патлумачылі рашэнне тым, што тэрмін дазволу скончыўся, а таксама прад’явілі прэтэнзіі да мовы рэкламы (яна выходзіла на англійскай, а не рускай або беларускай). Замест Euronews у сетках з’явіўся расійскі канал “Перамога” з праграмамі пра Другую сусветную вайну.
Фотаздымак з адкрытых крыніц
