прадавец паветра

У Магілёве асуджаны чарговы прадавец паветра

Адзін год зняволення з гадавой адтэрміноўкай прысудзіў суд Ленінскага раёна Магілёва маладому махляру, які “прадаваў” білеты на хакейныя матчы.

Падарункам на 18-годдзе магілёўца стаў мабільны тэлефон. Хлопец хутка прыдумаў, як ператварыць яго ў крыніцу заробку. Прадаваць ён вырашыў тое, чаго ў яго ўвогуле не было.

На адной з інтэрнэт-пляцовак малады чалавек шукаў абвесткі ахвотных набыць білеты на хакейныя матчы. Звязваўся з пакупнікамі і паведамляў: патрэбныя электронныя білеты ў яго нібыта ёсць. Умова была адна – стопрацэнтная перадаплата.

Пасля атрымання грошай «білетная каса» імгненна зачынялася: прадавец пераставаў адказваць, а пакупніка блакаваў. Ніякіх білетаў у яго ад пачатку не было, а атрыманыя грошы хлопец траціў на ўласныя патрэбы.

Такім няхітрым спосабам ён паспеў «абілеціць» трох чалавек. Агульная сума здабычы склала 410 рублёў.

Праўда, да вынясення прысуду малады махляр вярнуў пацярпелым усе грошы. У судзе гэта, разам са шчырым раскаяннем, палічылі змякчальнымі абставінамі.

Суд Ленінскага раёна Магілёва прысудзіў хлопцу адзін год пазбаўлення волі, але адразу даў шанец не трапіць за краты – выкананне пакарання адтэрмінавалі на адзін год. Аднак падарунак на 18-годдзе захаваць не ўдалося.Суд пастанавіў канфіскаваць тэлефон як сродак здзяйснення злачынства.

Гэта не першы выпадак у Магілёве падобнага продажу паветра. У чэрвені 2026 года  пракуратура зацвердзіла абвінавачанне ў махлярстве ў дачыненні да 19-гадовага магілёўца, які некалькі месяцаў прадаваў у інтэрнэце білеты на канцэрты і хакейныя матчы, якіх у яго не было. У сакавіку Следчы камітэт паведамляў прыкладна пра 70 пацярпелых ад гэтага махляра, а ў ходзе расследавання было ўстаноўлена, што пацярпелі больш за 110 чалавек па ўсёй краіне.

Фотаздымак з адкрытых крыніц

← Усе навіны Магілёва