У Клімавічах ужо 15 магіл беларусаў, якія загінулі на расійска-ўкраінскай вайне, ваюючы на баку Расіі, заяўлена на пятай канферэнцыі “Новая Беларусь” у Варшаве.
“Усё больш і больш беларусаў уцягваецца ў вір вайны на баку Расійскай Федэрацыі. Асабліва гэта тычыцца нашых хлопцаў і мужыкоў з усходніх рэгіёнаў Беларусі. Напрыклад, у маленькім мястэчку Клімавічы ўжо ёсць 15 магіл беларусаў, якія загінулі на так званай СВА. Як правіла, гэта зарабітчане, якія клююць на расійскія заманухі” – распавёў прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета па пытаннях абароны і нацыянальнай бяспекі Вадзім Кабанчук на канферэнцыі “Новая Беларусь”, якая праходзіць у Варшаве 8-9 жніўня 2026 года.
Паводле яго, прыязджаюць рэкруцёры са Смаленскай і Бранскай абласцей Расіі, абяцаюць за разавае падпісанне кантракта 30-40 тыс. долараў і прыцягваюць людзей часцяком з дэпрэсіўных беларускіх рэгіёнаў на вайну. Пры гэтым, згодна ўкраінскай статыстыкі, для 80% такіх наймітаў першы бой становіцца апошнім, а сярэдняя працягласць жыцця расійскага штурмавіка пры ўдзеле ў актыўных дзеяннях на фронце каля 15 хвілін.
Як адзначае Кабанчук, больш за 500 беларусаў, якія ваююць на баку Расіі, ужо загінулі, а некалькі дзясяткаў знаходзяцца ва ўкраінскім палоне. Усяго ж супраць украінцаў ваюе некалькі тысяч беларусаў. Яны расцярушаны па розных частках, бо ў расійскіх войсках няма нацыянальных падраздзяленняў, кшталту Палка Каліноўскага ва ўкраінскай арміі.
Скрыншот YouTube @svetlana_tsikhanouskaya
