Пяць гадоў правёў у зняволенні па палітычным абвінавачванні дзіцячы сківічны хірург Андрэй Любецкі.
Медык вызваліўся, па даных журналістаў, 7 жніўня 2026 года. Ён адбываў пакаранне ў розных месцах, а апошнім, вядомым праваабаронцам на пачатак 2026 года, была калонія №9 у Горках.
Любецкага, бацьку чатырох дзяцей, затрымалі 4 траўня 2021 года. Яго жонка Наталля Любецкая была вымушана разам з дзецьмі з’ехаць з краіны. Яна фігуравала ў “расследаванні” праўладнага тэлеканала: жанчыну абвінавацілі ў перадачы падстаўных “сакрэтных дакументаў” экс-алмазаўцу Ігару Макару.
У канцы сакавіка 2022 Следчы камітэт завяршыў расследаванне справы супраць Андрэя Любецкага і кваліфікаваў ягоныя дзеянні паводле ч. 1 арт. 342 КК (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак); ч. 1 арт. 130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці); арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і ч.1, 2 арт. 368 КК (абраза беларускага дыктатара).
Згодна з версіяй следства, хірург “неаднаразова публічна выказваўся аб прынятым рашэнні парушыць дадзеную ім медыцынскую клятву… і ўсяляк перашкаджаць аказанню медыцынскай дапамогі супрацоўнікам міліцыі і іх сем’ям, заклікаў сваіх калегаў да падобных супрацьпраўных дзеянняў”.
У адным з допісаў у сацсетках доктар сапраўды пісаў, што ні за што не стане лячыць сілавікоў, замяшаных у гвалце. “Патлумачу: калі будзе патрэбная неадкладная дапамога, я любога лячыць буду, няважна, хто на стале. А калі размова ідзе пра планавае ўмяшальніцтва, я маю права не прымаць чалавека. Калегі мяне не крытыкавалі – наадварот. Шмат хто прытрымліваецца той жа пазіцыі” – сцвярджаў ён у красавіку 2021 года.
Таксама Любецкага абвінавачвалі ва ўдзеле ў як мінімум васьмі пратэсных акцыях у Мінску і напісанні допісаў у сацсетках, якія кваліфікавалі як абразы і распальванне варожасці.
8 красавіка 2022 года быў асуджаны да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыма. 11 траўня 2022 – пераведзены з СІЗА-1 у жодзінскую турму №8, а праз тыдзень – у магілёўскую турму № 4. З сярэдзіны ліпеня 2022 Андрэй адбываў пакаранне ў бабруйскай калоніі №2. Тады ж КДБ унёс яго ў спіс тэрарыстаў. Таксама Любецкага прызналі экстрэмістам.
У чэрвені 2024 года яму замянілі рэжым пакарання і перавялі з калоніі зноў у жодзінскую турму. Восенню 2025 года Андрэя Любецкага асудзілі паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Які менавіта далі яму тэрмін – невядома, але адбываў ён далейшае пакаранне ў калоніі №9 у Горках, якая лічыцца калоніяй для рэцэдывістаў.
Фотаздымак: “Наша ніва”
