«Магілёўскія ведамасці» распавялі свету гісторыю магілёўчанкі Ірыны, якая назбірала на кватэру сабе, а цяпер ужо і сыну праз кааператыў «Жыллёвы баланс». У канцы – запрашэнне на бясплатныя прэзентацыі на вуліцы Яцына, 5. Плашкі «рэклама» ў матэрыяле дзяржаўнага СМІ не стаіць.
Гаворка ідзе пра прадукт «Капілка на кватэру»: назбіраць 90 працэнтаў кошту жылля за тэрмін ад пяці да пятнаццаці гадоў.
Ці не піраміда гэта? Адказваючы на гэтае пытанне, у кааператыве тлумачаць: арганізацыя некамерцыйная, узбагачэння або прыбытку яна нікому не прапануе, а ўзносы новых удзельнікаў адразу ідуць на куплю кватэр для ранейшых членаў.
Пры гэтым на сайце invest.c-ens.by – тым жа дамене, што і афіцыйны сайт кааператыва, і з тым жа адрасам на Яцына, 5 – прапануюць укласці ад мільёна долараў пад 10% гадавых у валюце з выплатай кожныя паўгода. Забеспячэннем названы кватэры кааператыва. Тыя самыя, за якія яшчэ выплачваюць пайшчыкі.
На пытанне, чым застрахавана маёмасць кааператыва, там жа адказваюць: абавязковага страхавання няма, яно павялічыла б узносы. Хто пажадае, можа звярнуцца ў Белдзяржстрах.
Кааператыў «Жыллёвы баланс» не з’яўляецца банкам і ў рэестр Нацбанка не ўключаны. Яго справаздачнасць правярае ўласная рэвізійная камісія.
Характэрна, што офіс кааператыва-бяссрэбраніка знаходзіцца проста пад бокам у Камітэта дзяржаўнага кантролю Магілёўскай вобласці.
Фота “Магілёўскія ведамасці”.
